Саладуха: На канцэрце Brutto прайшоў бы перад першым шэрагам і памахаў бы рукой
23 студзеня Аляксандр Саладуха выпусціў 11-ы нумарны альбом — "Мы будем вместе". Дыск накладам у 1 тысячу асобнікаў выдала "Vigma". Запіс каштаваў музыку $33 тысячы, грошы на альбом Саладуха ўхітрыўся зарабіць на няўдалай(!) краўдфандынгавай кампаніі "Марафон любви".
У жывым эфіры Еўрарадыё Аляксандр распавядае, як кожную раніцу раздзяваецца перад люстэркам, як у крызіс "трымае" цэны на квіткі і ці заспявае дуэтам з Сяргеем Міхалком.
Цікавыя цытаты:
Некаторыя ўспрымаюць мяне фрыкам? Нават так? Мне хочацца быць на плыву, і я прыкладаю для гэтага максімум высілкаў.
Я рыхтаваўся да любога выніку краўдфандынгавай кампаніі, бо трэба быць заўсёды гатовым і да перамогі, і да паразы. Але цягам гэтых 45 дзён пасыпаўся каскад замоваў. У верасні было 26 замоўных мерапрыемстваў, у кастрычніку — 22, такога ніколі не было. І, натуральна, я зарабіў вялікія грошы, за якія і выдаў альбом.
Крызіс — для гультаёў. Моцных асобаў і тых, хто ў фаворы, крызіс ніколі не кране.
У людзей стала менш грошай. У 2014 годзе, калі курс быў 10 тысяч, я рабіў квіткі па 100 тысяч. У 2015 курс быў 15, я ўсё адно квіткі пакінуў па 100. У 2016-м курс стаў 20 тысяч, квіткі засталіся каштаваць 100 тысяч. Праўда, на новы тур у падтрымку новага альбома давялося падняць цэны. Тым не менш у Гродне ўжо раскупілі ўсе квіткі.
Я працягваю абтэлефаноўваць дырэктараў прадпрыемстваў, тым больш цяпер. Не хаваю — гэта тытанічная праца. Часам ірве дах. Прыходжу на кухню, кажу жонцы: "Наташа, усё, не магу". А яна адказвае: "А ёсць іншы шлях? Ну па-іншаму ж не працуе". Я не маю права навязваць, прымушаць нікога. Я маю права толькі прапанаваць свой тавар. І я гэтага не цураюся.
Я не разумею, навошта набыты дыск ці флэшка хавае ў сабе падатак, які праз некага будзе ісці музыкам. Лічу, што кожны мусіць зарабляць праз сваю працу. Якія пасярэднікі, што вы!
Я з задавальненнем заспяваў бы з Міхалком, як з любым моцным музыкам. У яго яркія песні, асабліва ў раннім перыядзе, калі "Ляпісы" ўзарвалі Маскву і Расію. Я, на жаль, не чуў новых песень. Але была думка схадзіць 8 сакавіка ў "Мінск-Арэну" на канцэрт Brutto, прайсці пад сцэнай і памахаць рукой.
Мне падабаюцца J:морс, "Без Білета", Б'янка, якая выскачыла за межы краіны... У нас цяпер шмат новых маладых імёнаў. Iowa? Ну, я яе не асабліва ўспрымаю і адношу да разраду фрыкаў.
Я ўключыў фінал нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" на некалькі імгненняў, трапіў на гурт "PROвокация" і іншых канкурсантаў і выключыў. Нецікава. Спяваюць нячыста, няма хітовых мелодый.
З задавальненнем заспяваю па-беларуску. Пакуль новых песень аўтары не прапануюць, але хачу рэстаўраваць "Я не вярнуся" 1993-га года. Мне вельмі блізкая гэтая мова. Я на ёй добра размаўляю, мне лёгка на ёй спяваць.
Сплю аголеным ужо шмат гадоў. Раніцай стаю перад люстрам і займаюся аўтатрэнінгам: "Ты мусіш быць пастаянна ў форме". У залу не хаджу, гантэлі не цягаю, на трэнажор мяне хапіла на два месяцы, цяпер мы на ім бялізну сушым.
У свеце ўсё пабудавана на каханні. А каханне — гэта і духоўнае, і шыкоўны сэкс. А як інакш, калі так мусіць быць!
Я шмат разоў спрабаваў з'ехаць. Двойчы ў Расію, ва Украіну. Некалі ў Баранавічах да мяне падышла жанчына і сказала: "Сынок, не з'язджайце нікуды. Вы для нас — што Пугачова для Расіі".
У мяне ёсць план заваяваць прастору ад Калінінграда да Уладзівастока, і я ўпэўнены, што аднойчы гэта здарыцца, яны пачнуць мяне зваць. Але, натуральна, лепш быць першым тут, чым 137-м кемераўскім у Маскве. Тут мяне ведае кожны жыхар, і гэта дарагога каштуе.
Мільярдэр — прыемнае слова. Асабліва для чалавека, які некалі пачынаў з заробку ў санстанцыі ў 120 рублёў у месяц, а за працу ў рэстаране гатэля "Юбілейны" ў месяц атрымліваў 90 рублёў.