Санкцыі перашкаджаюць Беларусі атрымаць аплату за пастаўкі калію ў Індыю
Беларусь не можа атрымаць плацяжы з Індыі за пастаўкі калійных угнаенняў — гэтаму перашкаджаюць санкцыі, піша агенцтва Reuters.
Яшчэ ў лютым 2022-га кампанія Indian Potash Ltd (IPL) адчыніла рахунак у рупіях у расійскім "Сбербанку", каб аплачваць пастаўкі беларускага калію. Зроблена гэта было паводле запыту Беларускай калійнай кампаніі (БКК).
На рахунак паступіў першы плацёж на 23 мільёны долараў у эквіваленце. Аднак дагэтуль расійскі банк не змог яго апрацаваць. Пра гэта гаворыцца ў лісце індыйскай кампаніі на адрас банка, датаваным 23 траўня. Толькі "нязначная" сума рупій была канвертаваная ў рублі для аплаты беларускага калію.
Крыніцы Reuters сцвярджаюць, што праблемы з транзакцыяй узніклі праз санкцыі, уведзеныя супраць Расіі — дакладней, адключэнне банкаў ад SWIFT.
У снежні 2021 года ЗША ўвялі санкцыі супраць БКК, нядаўна ЕС таксама ўвёў абмежаванні супраць "Белкалія" і ягонага трэйдара БКК.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.