Санстанцыя Магілёва: “Летась таксама людзі паміралі — і ўсё ішло спакойна!"

Следам за чатырма першымі выпадкамі захворвання на “свіны грып” у Магілёве чакаюць новых хворых. Але сцвярджаюць, што “свіны грып" лячыць прасцей за звычайны. Паводле інфармацыі намесніцы міністра аховы здароўя Валянціны Качан, сёння пацверджана 85 выпадкаў захворвання на “свіны грып”. З гэтых 85-і на Магілёўскую вобласць прыпадае 4 выпадкі захворвання. Такую інфармацыю Еўрарадыё пацвердзіў загадчык аддзелам эпідэміялогіі Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксандр Панятоў.

Аляксандр Панятоў:
“Гэта пацверджана лабараторна. Двое ўжо выпісаліся, двое яшчэ ляжаць. І на падыходзе, відаць, яшчэ, яшчэ будуць выпадкі”.

Афіцыйна пацверджана, што ад “свінога грыпу” ў Беларусі памерлі 9 чалавек. Але Аляксандр Панятоў заклікае не акцэнтаваць увагу на гэтых лічбах і сцвярджае, што звычайны грып больш небяспечны, чым “свіны”.

Аляксандр Панятоў: “Ад гэтага “свінога грыпу” ўскладненняў не больш, чым ад звычайнага. Альбо фармацэўтычныя фірмы, альбо хто так раздулі гэтую праблему! Няма такой праблемы! Ускладненняў менш, працякае ён няцяжка, працякае нават лягчэй, чым звычайны грып — але такі ажыятаж! У тралейбусе едзеш, расказваюць, што ледзь не паўсюль трупы ляжаць. Дурдом нейкі!”

З гэтым цалкам не згодная доктарка пульманалагічнага аддзялення Магілёўскага тубдыспансера Аксана.

Аксана: “Свіны грып” — характэрнасць яго ў тым, што ён дае ўскладненне і працякае з пнеўманіяй. А пнеўманія — гэта запаленчы працэс у ніжніх дыхальных шляхах. А з-за ацёчнасці, якая ўзнікае ад пнеўманіі, пашкоджваецца ўсё большая частка лёгкага, якая выключаецца з дыхання і не пастаўляе чалавеку неабходную яму колькасць кіслароду”.

І ад гэтай пнеўманіі толькі за апошнія два тыдні ў краіне памерла 12 чалавек. Лагічна чакаць, што эпідэмія грыпа прывядзе да павелічэння колькасці захворванняў на пнеўманію. Але доктар магілёўскай санстанцыі Аляксандр Панятоў адмаўляе такую верагоднасць.

Аляксандр Панятоў: “Росту пнеўманіі няма ў нас! Няма такога, што летась, напрыклад, ішоў грып А, а сёлета ідзе такі грып — і расце колькасць захворванняў на пнеўманію. Няма такога росту! Ні летась… Да таго ж, летась не было такога шуму і ажыятажу. Людзі хварэлі — іх лячылі. Хтосьці паміраў, хтосьці не — усё ішло спакойна, у звычайным рэчышчы. Далей, можа, будзе троху горш, але ў звычайным рэжыме працуюць шпіталі”.

Рэжым, у якім сёння працуе Магілёўскі інфекцыйны шпіталь, яго галоўны лекар Тамара Бурак “звычайным” не лічыць. Сёлета кладуцца ў яго не толькі тыя, хто летась ад гэтага адмаўляўся, але і тыя, хто нармальна мог бы лячыцца дома. Хоць, кажа, захворванняў на складаную форму грыпу сёлета менш, чым летась. Але больш захворванняў сярэдняй цяжкасці. І верагоднасць таго, што грып ускладніцца, да прыкладу, пнеўманіяй — вельмі вялікая.

Тамара Бурак:
“Вірус грыпу, апроч таго, хто сам выклікае захворванне, зніжае ў чалавека імунітэт і ідзе далучэнне бактэрыяльнай флоры. На фоне зніжэння імунітэта развіваюцца бактэрыяльная ўскладненні. Гэта не толькі пнеўманія. Гэта могуць быць гаймарыты, атыты. А калі ў чалавека ёсць хранічныя захворванні, то рызыка іх абвастрэння вельмі вялікая падчас грыпу”.

І таму лекар вельмі ўдзячная журналістам за тое, што яны інфармуюць насельніцтва пра тое, як праходзіць эпідэмія, і “палохаюць” верагоднасцю захворвання.

Тамара Бурак: “Любы страх — гэта не вельмі добра. Але калі чалавек насцярожаны, то ён раней звернецца да доктара. Калі раней бы ён махнуў рукой на тэмпературу і пайшоў на працу, то зараз ён насцярожаны. Ідзе да доктара, доктар яго глядзіць, выпісвае бальнічны. А калі ён сядзіць дома, то ён перарывае эпідэміялагічны працэс, пачынае ранняе лячэнне — і для яго гэта лепш. І лепш для іншых. Праўда, тое, што стрэс пагаршае імунную сістэму, гэта таксама факт. Але насцярожаным у адносінах да свайго здароўя трэба быць заўсёды”.

Ці спрыяе панічны стан альбо пачуццё страху развіццю альбо ўскладненню хваробы, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Сяргей Ігумнаў адказаць не здолеў. Кажа, што гэта добрая тэма для маштабных сацыяльна-псіхалагічных даследаванняў. Да якіх рукі яшчэ ні ў каго не дайшлі.

У сваю чаргу загадчык аддзела эпідэміялогіі Аляксандр Панятоў кажа, што баіцца не таго, што з-за панікі людзі пачнуць больш хварэць, а таго, што зоймуцца самалячэннем.

Аляксандр Панятоў: “Самае страшнае, што з-за гэтай панікі людзі пачнуць самалячэннем займацца. І тут могуць быць ускладненні. Я баюся гэтага. Не разумеючы змятаюць з паліц усё і пачнуць прымаць усё без разбору. Не тое, што дзейнічае на вірус, — пачнуць антыбіётыкі прымаць, а гэта бессэнсоўна, на вірус гэта не дзейнічае. Гэта праблема”.

Але і без самалячэння людзі працягваюць паміраць. У чацвер стала вядома, што ў Ганцавічах памерла цяжарная жанчына. Паводле папярэдніх звестак — ад вострай пнеўманіі.

Таксама па тэме:
Лекары: “Свіны грып” ператварае лёгкія ў кашу
Людзям, якія носяць маскі на вуліцы, пагражае смяротная пнеўманія
“Ляпісы” перанеслі кіеўскі канцэрт з-за грыпу ва Ўкраіне
Ярмошына: “Заразу разносіць нельга!”
Ад грыпу AH1N1 у Беларусі ніхто не памёр
Ад “свінога грыпу” ў Мінску памерлі каля 10 чалавек?
Людзі ў масках: Мінск у паніцы рыхтуецца да эпідэміі (Фотарэпартаж)
Фота: http://mk.ru/upload/iblock/b57/gripp2.jpg

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі