Саўмін рыхтуе для парламента законапраект "Пра альтэрнатыўную службу"
Пра гэта паведаміла міністр працы і сацабароны Мар'яна Шчоткіна 30 кастрычніка падчас прамой тэлефоннай лініі і анлайн-прыёму на сайце ведамства.
Па словах чыноўніцы, якія перадае БелаПАН, праца над законапраектам "ажыццяўлялася ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2013 год". Дакумент распрацоўваўся працоўнай групай, у склад якой увайшлі прадстаўнікі зацікаўленых дзяржаўных органаў. Пры яго падрыхтоўцы быў "вывучаны досвед заканадаўчага рэгулявання альтэрнатыўнай службы ў краінах СНД і далёкага замежжа".
Пры гэтым міністр не паведаміла дэталі зместу дакумента.
Дарэчы, сёлета ў ліпені Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend накіраваў зварот у Палату прадстаўнікоў з патрабаваннем "зняць грыф сакрэтнасці" з законапраекта "Пра альтэрнатыўную службу". Па звестках Lawtrend, законапраект знаходзіцца пад грыфам "Для службовага карыстання" і недаступны для грамадскага абмеркавання. Парламентарыі адказалі праваабаронцам, што не выключаюць магчымасці дадатковага абмеркавання іх прапановаў.
Фота — belarmy.by