Савет бяспекі сёння разглядае "План абароны Беларусі"
Увесь беларускі народ адкажа на любую пагрозу, заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У краіне павінны быць забяспечаныя ваенная бяспека і сацыяльна-палітычная стабільнасць у грамадстве. Такую задачу паставіў 16 снежня на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Як інфармуе БЕЛТА, Савет бяспекі разгледзіць "План абароны Беларусі". У сваім выступе Лукашэнка шмат гаварыў пра абараназдольнасць і неабходнасць яе павышэння. Ён падкрэсліў, што беларусы больш не хочуць "хадзіць пад бізуном" і таму будуць берагчы сваю зямлю, дзяржаўнасць, незалежнасць.
"Усе павінны разумець, што нікому не будзе дазволена размаўляць з нашай краінай з пазіцыі сілы. Мы не гіганцкая дзяржава, не валодаем магутнасцю ядзернай зброі, але нашае войска дастаткова баяздольнае, каб адказаць на любую пагрозу. І не толькі войска. Увесь народ", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка нагадаў, што Беларусь не збіраецца развязваць войны, ёй не патрэбны знешнія ворагі. "Нам патрэбны мір і спакой", — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу забеспячэння ваеннай бяспекі і сацыяльна-палітычнай стабільнасці ў грамадстве.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што калі ў кагосьці і ўзнікне жаданне "прыйсці да нас з мячом, то ён таксама павінен быць упэўнены, што ад гэтага мяча атрымае".
Лукашэнка: Паводзіны Расіі не могуць не насцярожваць
Фота — ria.ru