Саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы выступіў супраць ABBA і Бурага
Яўген Буры / Еўрарадыё
Саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы (ZPP) выступіў супраць Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) і яе лідара Яўгена Бурага. ZPP перасцерагае ад "спробаў дэзінтэграцыі беларускага бізнесу ў Польшчы": заява арганізацыі тычыцца ініцыятывы ABBA аб верыфікацыі беларускага бізнэсу, які адкрываецца ў Еўразвязе.
"Мы не можам дазволіць сабе маўчаць, калі былы супрацоўнік Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь [гэта пра Яўгена Бурага. — Еўрарадыё] спрабуе падарваць, выкарыстоўваючы правакацыі і паклёп, давер да нас і да іншых арганізацый, якія падтрымліваюць беларусаў, ствараючы бізнес-мадэль выкарыстання сакрэтнай інфармацыі і набытых ноў-хаў ва ўладных структурах рэжыму Лукашэнкі", — сказана ў заяве Саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы.
Яўген Буры да падзеяў 2020 года сапраўды працаваў у Дзяржаўным сакратарыяце Савета бяспекі. Ён займаўся пытаннямі эканамічнай бяспекі, быў удзельнікам і сакратаром міжведамаснай камісіі па бяспецы ў эканамічнай сферы. Удзельнічаў у распрацоўцы і папулярызацыі фінансавых IT-прадуктаў.
У 2020 годзе Буры сышоў з дзяржслужбы і далучыўся да каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. У жніўні 2021 года ён стаў адным з заснавальнікаў Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой.
У 2022 годзе Расія развязала ва Украіне поўнамаштабную вайну. Санкцыйны ціск на Маскву і Мінск узмацніўся. Гэта справакавала масавы пераезд бізнесаў (у прыватнасці, беларускіх) у Польшчу і іншыя краіны ЕС. ABBA звярнула ўвагу на тое, што сярод кампаній, адкрытых у Польшчы, ёсць тыя, якія дапамагаюць абыходзіць санкцыі. Таму быў прапанаваны механізм верыфікацыі бізнесаў.
У ZPP гэтую ініцыятыву лічаць неправамернай. "Ігнаруючы інстытуты польскай дзяржавы, створаныя менавіта для гэтай мэты, прэтэндуе на права выдаваць сертыфікаты даверу беларускім грамадзянам і прадпрымальнікам, якія знаходзяцца ў Польшчы, называючы гэты працэс "верыфікацыяй", — сказана пра яе ў звароце бізнес-саюза.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.