Шэнгенскія візы могуць патаннець, выдаваць іх будуць хутчэй
Тэрмін выдачы шэнген-візаў могуць скараціць да 10 дзён, а працэдуру іх атрымання спрасціць.
"Беларусь афіцыйна адказала на запрашэнне пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС. Дамоўленасці, падпісаныя ў выніку гэтых перамоваў, могуць прадугледжваць зніжэнне кошту візы для ўсіх беларусаў і адмену платы за іх атрыманне для некаторых катэгорый грамадзян", — цытуе interfax.by словы кіраўніка візавага аддзела генеральнага дырэктарата ўнутраных спраў Еўрапейскай камісіі Яна дэ Чэстэра. Гэтак еўрачыноўнік адказаў беларускім грамадскім арганізацыям на заклік спрасціць візавы рэжым.
Паводле інфармацыі Еўракамісіі, 47% віз, выдадзеных беларусам летась, былі шматразовымі. А больш за 30% усіх віз, выдадзеных беларускім грамадзянам, былі бясплатнымі — гэта амаль на на 2% больш, чым у 2012 годзе.
Дарэчы, перамовы аб спрашчэнні візавых працэдур і пытаннях рэадмісіі правяла ў канцы студзеня ў Брусэлі намесніца міністра замежных спраў Алена Купчына.
Фота — madagaskartur.ru