Школьнікам дазволяць есці гамбургер, але толькі пад іншай назвай
Гамбургер / pexels.com
У меню школьных сталовых фастфуд, "як правіла", уключацца не будзе. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 16 жніўня заявіла прадстаўніца Мінздароўя Ала Малахава.
Па яе словах, прынцыпы арганізацыі школьнага меню прадугледжваюць, што ежа павінна быць бяспечнай і якаснай. А фастфуд не адпавядае прынцыпам здаровага харчавання.
У мінулым навучальным годзе ў рамках эксперыменту ў школьнае меню ўключалі такія стравы, як гамбургер, чызбургер ды іншыя. У новым навучальным годзе ўсяго гэтага не будзе, кажа прадстаўніца Мінздароўя. Але потым дадае: "Нават калі нешта будзе падобнае ў рацыёне, дык гэта называцца не будзе. Можа, нейкі гарачы слоены бутэрброд і гэтак далей".
Малахава заявіла, што шаўрмы ў школьным меню не будзе адназначна — "праз небяспеку ў эпідэміялагічных адносінах". А вось піццу раз на два тыдні можна ўключыць у рацыён. "Але такіх назваў не павінна быць ні ў якім разе", — катэгарычна заяўляе яна.
Прадстаўніца Мінадукацыі Люцыя Міхальчук у сваю чаргу паведаміла, што з 1 верасня ва ўсіх школах будуць укаранёныя новыя стравы і вырабы — з улікам наяўнай матэрыяльна-тэхнічнай базы сталовых. Рыхтаваць іх будуць паводле зборніку рэцэптаў, распрацаваных па выніках эксперыменту, які праходзіў у школах. У гэтым зборніку каля 400 страваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.