Шлюбная дамова па-беларуску

Шлюбная дамова не зможа засцерагчы ад здрады каханага, але дапаможа атрымаць грошы нават за санаторную пуцёўку. За мінулы год у Мінску каля тысячы параў заключылі шлюбную дамову. Гэта сведчыць пра цікаўнасць беларусаў да даволі новага дакументу.

Нагадаем, што ўпершыню магчымасць падпісаць шлюбную дамову ў беларусаў з’явілася 1 верасня 1999 году, з выхадам Кодэксу аб шлюбе і сям’і. Але ж на пачатку свайго існавання яна не карысталася вялікім попытам.

На пытанне, што можа быць вызначана ў шлюбнай дамове, адказвае загадчыца натарыяльнай канторы № 2 Першамайскага раёна гораду Мінску Таццяна Сатчанка:

“У шлюбнай дамове можа быць вызначаны парадак падзелу маёмасці ў выпадку скасавання шлюбу. Таксама можна агаварыць аказанне матэрыяльнай дапамогі аднаго сужэнца другому.

Пагадненне пра формы, метады і сродкі выхавання дзяцей, але ж толькі па пытаннях, якія тычацца правоў і абавязкаў бацькоў, якія не павінны ствараць дадатковыя правы і абавязкі дзецям”


Далёка не ўсе моманты могуць быць уключаны ў гэты дакумент. Напрыклад, нельга патрабаваць унясення пункту пра атрыманне кампенсацыі ў выніку здрады. Не могуць быць уключанымі і элементы запавету, магчымасць выкарыстання маёмасці ў выніку смерці кагосьці з сужэнцаў.

Таксама не атрымаецца забараніць сваёй другой палове працаваць — гэта парушыць яе права на працу. Нельга зніжаць за вызначаны дзяржаўны мінімум і суму аліментаў, а вось павышаць — калі ласка!

Шлюбную дамову можна аформіць як да шлюбнай цырымоніі, так і пасля яе. Але дзейнічаць яна пачне толькі ў зарэгістраваных адносінах. Магчымасць дамовы не адпадае нават і тады, калі ўжо пададзена заява на развод. Можна падпісаць яе і непаўнагадовым, але толькі з афіцыйнага дазволу бацькоў.

Пра тэрмін дзеяння дамовы распавядае Таццяна Сатчанка:

“Яна заключаецца на нявызначаны тэрмін, але можа быць зменена ці дапоўнена сужэнцамі па ўзаемнай згодзе да скасавання шлюбу і змяніць нейкія акалічнасці, якія тычацца гэтай дамовы, калі ў іх з’явіліся нейкія абставіны”.

Шлюбная дамова можа дапамагчы і зэканоміць. Калі паслугі натарыуса пры яе падпісанні абыйдуцца вам у 93 тысячы беларускіх рублёў, то дзяржпошліна пры падзеле маёмасці складзе 10 адсоткаў ад кошту самой маёмасці. А калі гэтая маёмасць складаецца з некалькіх кватэраў, вядома, сума атрымаецца далёка не дзіцячая.

Не абыходзіцца і без недарэчных выпадкаў падпісання шлюбных дамоваў. Пра адзін з іх нам распавяла загадчыца 1-ай натарыяльнай канторы Першамайскага раёна Мінску Наталля Жукава.

Не так даўно адзін з кліентаў пажадаў скласці дамову, паводле якой кватэру ён гатовы пакінуць сваёй жонцы, але ж не ўсё так проста. У сваю чаргу, тая павінна выплаціць мужу ўсе грошы, якія ён за 25 год сумеснага жыцця выдаткаваў на яе, улічваючы нават набытыя ім санаторныя пуцёўкі!

А як ставяцца да такіх дамоваў знакамітыя людзі? Ні для каго не сакрэт, што заходнія зоркі звяртаюцца да іх рэгулярна. Але ж у нашых знакамітасцяў больш кансерватыўныя погляды. На думку лідэра групы “Atlantiсa” Алекса, мужчына заўсёды павінен заставацца мужчынам, і калі ўзнікнуць якія-небудзь праблемы, проста павінен саступіць.

Алекс:Я лічу, што шлюб — гэта вельмі ўсвядомлены крок у жыцці чалавека. Нельга блытаць нейкія матэрыяльныя рэчы з пачуццямі. Гэта цалкам розныя рэчы. Тыя людзі, якія падпісваюць шлюбныя дамовы, зразумела, што гэта іх асабістая справа — прымаць такое рашэнне, але мне здаецца, што гэта перастрахоўка, а не якія-небудзь пачуцці.

Маё разуменне такое, што мужчына павінен быць мужчынам. Па вялікім рахунку, чалавек, які калісьці рабіў свой выбар і ўступаў у шлюб, рабіў гэта з кахання і разумеў, што гэта — той самы чалавек, якога ён выбраў. Калі ўсё ж такі нешта здараецца, то, на маю думку, мужчына павінен саступіць
”.


Фота — www.acoustics.washington.edu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі