Што хоча ад саміту ў Вільні, грамадзянская супольнасць не вызначылася
Каб у будучыні праблем з "фармулёўкамі" не ўзнікала, прапаноўваецца часцей сустракацца “для развіцця прамых партнёрскіх адносінаў” у Брусэлі.
Абмеркаваць “Будучыню Форуму грамадзянскай супольнасці ў фокусе трэцяга Саміту Усходняга партнёрства” сабраліся 4 лістапада прадстаўнікі няўрадавых арганізацый Беларусі. І пачалі з непрыемнага — успамінаў пра сустрэчу ў Кішынёве.
Падчас сустрэчы, якая праходзіла 4-5 кастрычніка, удзельнікі Форуму з шасці краін-удзельнікаў ініцыятывы Усходняе партнёрства мусілі падвесці вынікі сваёй працы за апошнія два гады і выпрацаваць сваё пасланне саміту Усходняга партнёрства, што пройдзе ў Вільні 28-29 лістапада.
“Сваё бачанне і пасланне грамадзянскай супольнасці Саміту так і не было прад’яўленае. Рэзалюцыя Форуму дастаткова абцякальна кажа пра тое, што “трэба далей працаваць, гэта вельмі важна”… І ўсё. І гэта праблема не толькі Форуму, але і Нацыянальных платформ Форуму, і працоўных груп. А гэта азначае, што і ў Нацыянальных платформ няма бачання таго, як павінны развівацца далейшыя адносіны і з Нацыянальнымі платформамі, і з іншымі стэкхолдарамі”, — падводзіць вынік кішынёўскай сустрэчы нацыянальны каардынатар Форуму грамадзянскай супольнасці па Беларусі Яраслаў Бекіш.
Апроч таго, дадае Яраслаў, з-за адсутнасці папярэдняй працы з праектамі рэзалюцый, была прынятая вялікая колькасць блізкіх па змесце дакументаў. І гэтак далей.
Яраслаў Бекіш: “Вынікі гэтага Форуму паказалі, што ў нас мала стратэгічных кантактаў з нашымі партнёрамі ў іншых краінах Усходняга партнёрства. Мы ўдзельнічаем у сумесных праектах, праводзім сумесныя індэксаванні і маніторынгі, але… Калі распрацоўвалі рэзалюцыі Форуму, і ад Азербайджана, і ад Беларусі былі прапанаваныя дзве розныя рэзалюцыі па палітзняволеных, і ўжо падчас Форуму даводзілася іх узгадняць, што сведчыць, што кантактаў вельмі мала. І на ўзроўні каардынатараў, і на ўзроўні саміх Платформ”.
Трэба загадзя рыхтавацца і не адпраўляць на Форум першага, хто трапіўся пад руку, выказвае меркаванне кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.
Андрэй Ягораў: “Людзі, якія паехалі на Форум, не адказна ставяцца да выбару людзей у кіраўнічыя структуры Форуму. Такая безадказнасць прыводзіць да таго, што зніжаецца дынаміка развіцця Форуму. Пры тым, што структурна Форум узмацняецца: новыя органы, структура, фінансаванне і гэтак далей”.
І падводзіць вынік уражанняў ад удзелу ў кішынёўскай сустрэчы: за 5 ранейшых Форумаў грамадзянская супольнасць так і не навучылася адэкватна фармуляваць тое, што ж яна хоча ад Усходняга партнёрства, Еўракамісіі ды іншых еўрапейскіх структур. І звяртаецца да беларускіх удзельнікаў Форуму: крытыкуючы сам Форум, не забывайцеся ў люстэрка глядзець.
З тым, што глядзецца ў люстэрка часам трэба, пагаджаецца і кіраўнік Міжнароднага кансорцыума ЕўраБеларусь Улад Вялічка. Але частку недасканаласці ў працы беларускай грамадзянскай супольнасці прапануе перакласці на дзяржаву: маўляў, нежаданне ўладаў удзельнічаць у праграмах і праектах Усходняга партнёрства абмяжоўвае магчымасці дзеяння і недзяржаўных структур.
Улад Вялічка: “Мы да гэтага часу сядзім вакол тэмы невызваленых палітзняволеных, вакол мінімальнага ўдзелу беларускага кіраўніцтва ў камунікацыі ў межах Усходняга партнёрства — я не магу ніводнага флагманскага праекта назваць, у якім Беларусь бярэ ўдзел. Таму, вельмі складана было б вырашыць гэтую праблему толькі глядзеннем у люстэрка”.
Што ж тычыцца будучага саміту Усходняга партнёрства, то Вялічка не раіць чакаць ад яго хоць нейкай карысці для Беларусі. Калі наша краіна не імкнецца да ўдзелу ў яго праграмах, то і ўвага на саміце будзе да тых, хто гэта імкненне праяўляе, — Украіны, Малдовы ды Грузіі. А ў якасці паляпшэння працы ўсёй грамадзянскай супольнасці параілі найперш развіваць сувязі і двухбаковыя адносіны паміж Нацыянальнымі платформамі грамадзянскай супольнасці краін Усходняга партнёрства. Ну, і, вядома, праводзіць у Брусэлі сумесныя мерапрыемствы паміж Сакратарыятам Форуму і Нацыянальнымі платформамі. Чытай — лідарамі грамадзянскай супольнасці.
Фота: Змітра Лукашука