Што прарочаць Лукашэнку зоркі і палітолагі?

19 сакавіка – гадавіна прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Якім быў гэты год для краіны і, ўласна, для прэзідэнта – Аляксандра Лукашэнкі? Прыгадваюцца самыя значныя падзеі: намётавае мястэчка на Кастрычніцкай плошчы, падзенне спадарожніка “БелКА”, газавы канфлікт з Расіяй… “Еўрапейскае радыё для Беларусі” вырашыла абагульніць гэты этап, тым больш, што і падстава незвычайная — год прэзідэнцтва для Лукашэнкі быў трынаццатым па ліку. З эканамічным бокам пытання нам дапамог разабрацца спецыяліст у гэтай сферы Леанід Заіка:

“Для Лукашэнкі гэты год сапраўды сімвалічны, таму што ў чэрвені якраз скончыўся яго 12-гадовы цыкл знаходжання ва ўладзе. Безумоўна, 12 гадоў — гэта цыкл палітычнага жыцця.

Цяпер 13-ы год. Пачаліся праблемы. Пуцін жорстка абмежаваў магчымасць Лукашэнкі быць аўтарам “эканамічнага цуду”.


Эканамічны цуд знік адразу ж са знікненнем 2 мільярдаў на эканамічную падтрымку з боку Расіі па новых тарыфах на газ і на бензін. Улады, практычна, аказаліся бездапаможнымі, хаця, здаецца, выгодна прадалі “Белтрансгаз”.

Гэтыя два з паловай мільярды пакуль нікуды не пайшлі, хаця на іх можна было пабудаваць атамную станцыю. Урад не ў стане ўвесці ў краіне рэжым нармальнай эфектыўнай эканомікі і шукае грошы за мяжой”.


А можа, такі цяжкі год для Лукашэнкі звязны з палітычнымі памылкамі на заранку сваёй кар’еры? Разважае палітолаг Уладзімір Мацкевіч:

“Я лічу, што гэты год быў выпраўленнем непаразуменняў і недасканаласці таго падыходу, з якім Лукашэнка прыйшоў да прэзідэнцтва.

Калі б ён усвядоміў, што трэба асцярожна ставіцца да Расіі і ўвогуле разглядаць яе як проста знешне-гандлёвага партнёра Беларусі без усякіх там глупстваў пра братэрскія адносіны? старэйшага брата і г.д., каб ён гэта ўсведамляў у 1994 годзе так, як ён гэта ўсвядоміў зараз, гэта было б вельмі добра для Беларусі”.


А можа, не трэба вінаваціць ва ўсіх грахах Лукашэнку? Можа, проста карта не так легла, ці зоркі не так сталі? Астролагі сцвярджаюць, што існуюць парныя планеты — з мужчынскім і жаночым пачаткам.

Да прыкладу, Юпітэр і Сатурн. У Юпітэра цыкл 12 гадоў, у Сатурна — 29,5. У каго яскрава выражаны Юпітэр, той чалавек сацыяльны: ён ці выбітны палітык, ці добры настаўнік. У каго развіты Сатурн — наадварот, сыходзіць у індывідуальнасць.

Працягвае астролаг Марат Рубан:

“Што з прэзідэнтам? Летась, калі былі выбары, Юпітэр якраз заканчваў свой цыкл і пачынаў новы. Кожны чалавек закладае цыкл сваімі паводзінамі на наступны перыяд.

Вось, напрыклад, кожны год у нас дзень нараджэння. Так, як мы адзначым гэты дзень, так, па сутнасці, год і пройдзе.


Дык вось цыкл жа быў закладзены негатыўны па Юпітэры. Гэта значыць, што з функцыяй сацыяльнай, то бок быць прыкладам, аўтарытэтам, ужо не атрымаецца наступныя 12 год.

Тады варта разгледзець, што там з супрацьлеглым бокам — што там з Сатурнам. А з Сатурнам якраз у прэзідэнта было вельмі дрэнна ў час разгону дэманстрацыі.

Патрэбны вельмі моцны стрыжань, каб перанесці тыя падзеі, якія стварае Сатурн. Значыць, ціск і жорсткасць будуць узмацняцца з боку гэтага чалавека”.


Напярэдадні 2007 года Лукашэнка заявіў, што гэты год будзе катастрафічна цяжкім для беларусаў. Азіраючыся на год мінулы, можна ўявіць, што будзе сёлета. Па-свойму гэта ўявіў рэдактар Вышэйшай лігі КВЗ Аляксей Акімаў:

“Я думаю, што наступны год ніяк не зменіцца ні ў адзін, ні ў другі бок. Неяк нічога вясёленькага ў галаву не лезе ў гэтай сувязі”.

Што ж, калі нават кавэзэшнікі не хочуць жартаваць на гэты конт, відаць, і сапраўды, справа сур’ёзная.


Фота AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі