Шварцэнберг прыедзе ў Мінск "рыхтаваць глебу" для Ферэры-Вальднэр

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, чаму візіты адных еўрачыноўнікаў адмяняюцца, а ў той жа час іншыя еўрапейскія палітыкі едуць у Беларусь. Еўракамісар Беніта Ферэра-Вальднэр ужо другі раз пераносіць свой візіт у Беларусь з-за таго, што ніякіх важных станоўчых зменаў у нашай краіне не адбываецца.

Такую думку ў размове з Еўрарадыё выказаў былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

“Я лічу, гэта значыць, што ў Беларусі нічога не адбываецца з таго, што мусіла адбывацца, што абяцалі беларускія ўлады. Беніта Ферэра-Вальднэр агучвала такія падыходы: навошта ехаць, калі нельга нічога сказаць, калі тыя практычныя патрабаванні, якія былі агучаныя Бруселем і больш падрабязна раскрытыя ў рэзалюцыі Еўрапарламента, проста не выконваюцца?”

Нагадаем, 9 красавіка стала вядома, што Беніта Ферэра-Вальднэр чарговы раз перанесла візіт у Беларусь на няпэўны тэрмін. Гэтую інфармацыю пацвердзіла супрацоўніца прэс-службы Міністэрства замежных справаў Беларусі Марыя Ваньшына са спасылкай на заяву кіраўніка прэс-службы Андрэя Папова.

Марыя Ваньшына: “Па Вальднэр… Візіт пераносіцца. Новыя тэрміны ўзгадняюцца”.

Між тым у беларускім МЗС пацвердзілі весткі пра візіт у Беларусь міністра замежных справаў Чэхіі Карэла Шварцэнберга.

Марыя Ваньшына: “Па Шварцэнбергу… Просьба чэшскага боку атрыманая. Гэтае пытанне зараз знаходзіцца ў распрацоўцы”.

Візіт запланаваны на 16-17 красавіка. Побач з пераносам прыезду Беніты Ферэры-Вальднэр візіт Карэла Шварцэнберга выглядае натуральным, лічыць Андрэй Саннікаў. На яго думку, як раз Чэхія, якая старшынствуе ў Еўрасаюзе, мусіць вырашаць праблемы з Беларуссю.

Андрэй Саннікаў: “Гэта іншая справа, таму што Чэхія старшынствуе зараз. І сапраўды, Чэхія зараз апынулася ў вельмі складаным становішчы з запланаваным самітам па “Усходнім Партнёрстве” ў Празе. Таму як гаспадыня і як старшыня, Чэхія хоча, каб нешта адбывалася, бо яна не хацела б сапсаваць гэты саміт”.

Каардынатар Чэшскай Рэспублікі па "Ўсходнім Партнёрстве" Мілаш Лекса мяркуе, што падчас візіту Карэла Шванцэрберга будзе абмяркоўвацца пытанне пра ўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў саміце. Аднак, на думку эксперта, ужо зараз беларускі прэзідэнт разумее, што яму не варта ехаць у Чэхію.

Мілаш Лекса: “Мы толькі пачалі рыхтаваць візіт. Праграма пакуль рыхтуецца. Яна павінна быць узгодненая з беларускім бокам. Асабіста я не веру, што Лукашэнка прыедзе ў Прагу 7 мая. Таму што ён добра ведае, што яму давядзецца выслухаць непрыемныя рэчы пра сябе. Але, з іншага боку, я ўпэўнены, што ён не сапсуе магчымасць для сваёй краіны больш шчыльнага супрацоўніцтва з ЕС. Я амаль упэўнены, што падчас візіту Шварцэнбергу будзе абмяркоўвацца гэтае пытанне”.

У сваю чаргу Андрэй Саннікаў лічыць, што пакуль не будуць вызваленыя палітвязні, ніякага запрашэння ў Прагу беларускі прэзідэнт не атрымае.




Фота www.radiosvoboda.org
На фота Беніта Ферэра-Вальднэр, Уладзімір Агрызка (міністр замежных справаў Украіны), Карэл Шварцэнберг

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі