Сілавікі дзяжурылі пад дзвярыма мастака Аляксея Кузьміча — ён затрыманы
Аляксей Кузьміч / скрыншот
Каля 5 раніцы 10 жніўня ў рэдакцыю Еўрарадыё патэлефанаваў мастак Аляксей Кузьміч.
"Да мяне ломяцца! Хтосьці звоніць знізу па дамафоне, хтосьці барабаніць у дзверы тамбура. Суседзі — пенсіянеры, пакуль ніхто не адчыніў", — расказаў ён.
Кузьміч лічыць, што няпрошаныя госці — гэта сілавікі. Напярэдадні ён правёў аголеную акцыю на сваім выбарчым участку.
"Намаляваў фалічны сімвал на бюлетэні, прыляпіў яго сабе на грудзі, раздзеўся, застаўся ў набедранай павязцы, паставіў сабе чырвоныя кропкі на руках і нагах, а вочы заматаў беларускім сцягам і прыняў позу "распяцце", — тлумачыць мастак. — Такім чынам я сумясціў першабытную структуру з жывёльным першабытна-абшчынным ладам, які праз сацыяльны механізм цяпер у нас праяўляецца. Палітык, ён жа галоўны дамінант, той індывід, які гучней за ўсіх крычыць і прымушае сабе верыць. Верыць не яго ўчынкам і дзеянням, а пустаслоўю. Такую думку я і паспрабаваў данесці".
Свой эксперымент Аляксей паўтарыў пазней, у разгар акцыі пратэсту ў Мінску.
"Я ўстаў паміж пратэстоўцамі і спецназам і паўтарыў гэтую акцыю. Збоку атрымалася накшталт другога прышэсця. Асацыяцыі? З апакаліпсісам. Я паспрабаваў прымірыць пратэстоўцаў і сілавікоў", — расказвае Кузьміч.
Падчас нашай размовы ў трубцы чуваць сігналы дамафона.
Пазней мы зноў стэлефанаваліся — госці так і не сышлі.
"Яны выламалі дзверы тамбура. Цяпер чую, як ходзяць і перагаворваюцца. Не разумею, чаму не забралі мяне ў двары", — расказвае мастак.
У 13:00 ён зноў патэлефанаваў у рэдакцыю і паведаміў, што яго затрымалі: "Мяне вязуць у Цэнтральнае РУУС Мінска, са мною адвакат Сяргей Зікрацкі".
Аляксей Кузьміч звярнуў на сябе ўвагу перфомансам з раздзяваннем на выставе ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва. Тады ён, не сышоўшыся ў меркаваннях з арганізатарамі выставы, пратэставаў супраць цэнзуры: прыняўшы віягру, прымацаваў на дзетародны орган таблічку з надпісам "Міністэрства культуры".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.