Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў Алепа, войскі Асада адступаюць

Вайна ў Сірыі, лістапад 2024-га

Вайна ў Сірыі, лістапад 2024-га / AFP / Scanpix / LETA

29 лістапада сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў Алепа, войскі Башара Асада адступаюць. Маштабны наступ на сілы рэжыму ў заходняй частцы правінцыі Алепа працягваецца толькі трэці дзень, аднак з пачатку баёў паўстанцы ўзялі пад кантроль тэрыторыю плошчай больш за 550 квадратных кіламетраў, больш за 70 населеных пунктаў (пра гэта паведамляе турэцкае дзяржаўнае інфармагенцтва Anadolu).

Грамадзянская вайна ў Сірыі працягваецца з 2011 года. Рэжым Асада падтрымліваюць Расія і Іран, апазіцыйныя групоўкі, якія кантралююць правінцыю Ідліб, падтрымлівае Турцыя. Менавіта з Ідліба і пачаўся ў сераду наступ, які застаў войскі Башара Асада знянацку. З 2020 года дзейнічала пагадненне аб спыненні агню, і ў Дамаску не верылі, што паўстанцы (атаку распачала групоўка "Хаят Тахрыр аш-Шам") рашацца яго разарваць.

Сірыйскія паўстанцы, відавочна, самі не чакалі, што ў іх атрымаецца так лёгка прасоўвацца на ўсход. Падраздзяленні Асада ў паніцы адступаюць, кідаючы бронетэхніку, зброю, боепрыпасы. Пры гэтым паўстанцы добра падрыхтаваныя, яны ўлічваюць досвед вайны ва Украіне — выкарыстоўваюць ударныя дроны.

У Алепа насельніцтва складае больш за 3 мільёны чалавек. І гэты горад можа перайсці пад кантроль паўстанцаў. Зусім магчыма, што войскі Башара Асада не будуць яго абараняць і ўжо ўцяклі з горада. Яны яго кантралявалі з 2016 года.

Расійскія ваенкары пішуць, што наступ паўстанцаў спрабаваў спыніць "нешматлікі расійскі спецназ" і такі ж "абмежаваны іранскі кантынгент". Як вядома, Расія значныя сілы з Сірыі перакінула на вайну супраць Украіны, а Іран і падкантрольная яму "Хезбала" — у Ліван. Таму ва ўмовах, калі войскі Асада панічна адступаюць, расійскія і праіранскія фармаванні не могуць утрымаць фронт. І ўжо панеслі адчувальныя страты. Удары расійскай авіяцыі па паўстанцах іх наступ таксама спыніць не могуць. Расійскі бок прызнае, што сірыйскія чыноўнікі і войскі пакідаюць Алепа.

Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў Алепа, войскі Асада адступаюць
Сірыйскі паўстанец зрывае фота Асада і Пуціна, і кідае яго пад ногі
Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў Алепа, войскі Асада адступаюць
Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў Алепа, войскі Асада адступаюць

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі