Скандал: Прэзідэнт Венесуэлы нарадзіўся ў Калумбіі і ў яго іншае імя
З сенсацыйнай заявай выступіў былы амбасадар Панамы пры Арганізацыі амерыканскіх дзяржаваў Гільерма Кочас.
Ён прадэманстраваў нібыта сапраўдны запіс пра нараджэнне дзейнага венесуэльскага прэзідэнта Нікаласа Мадуры на тэрыторыі суседняй Калумбіі. Паводле гэтага дакумента, атрыманага ў грамадзянскім рэгістры калумбійскага горада Кукута, сапраўднае імя прэзідэнта — Нікалас Алехандра Мадура Морас. З'явіўся ён на свет 20 лістапада 1961 года, а не 23 лістапада 1962-га, як было запісана пазней у момант рэгістрацыі будучага прэзідэнта ўжо ў Венесуэле ва ўзросце 11 гадоў.
Кочас адзначыў, што па канстытуцыі Венесуэлы асоба, якая прэтэндуе на пасаду кіраўніка дзяржавы, павінна быць народжаная на тэрыторыі краіны і не можа мець двайнога грамадзянства. Між тым, маці і бацька Мадуры нібыта мелі калумбійскае грамадзянства. Аўтар сенсацыі не выключае, што з-за скандалу з месцам нараджэння Нікалас Мадура можа не толькі страціць сваю пасаду, але і патрапіць у турму, інфармуе РІА "Новости".
Нагадаем, Мадура стаў прэзідэнтам Венесуэлы ў красавіку 2013 года. На выбарах ён здолеў апярэдзіць лідара апазіцыі Энрыке Капрылеса. Нікалас Мадура прэзентуе сябе, як пераемніка памерлага прэзідэнта Уга Чавеса.
На здымку: Мадура з фота Чавеса. Фота — AFP