Следчы камітэт: Што зброя прывезеная з-за мяжы, яшчэ трэба даказаць
Калі шведскі лёгкаматорны самалёт не толькі спакойна пераляцеў беларускую мяжу, але і раскідаў над Беларуссю “плюшавы дэсант” з улёткамі ў падтрымку свабоды СМІ ў Беларусі ў сілавікоў паляцелі пагоны. З пасады былі звольненыя старшыня Памежнага камітэта Ігар Рачкоўскі і камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і сіламі супрацьпаветранай абароны Дзмітрый Пахмелкін. Міністр абароны Юрый Жадобін і начальнік Генштаба Пётр Ціханаўскі атрымалі папярэджанні аб “няпоўнай службовай адпаведнасці”, а дзяржсакратар Саўбеза Леанід Мальцаў і старшыня КДБ Вадзім Зайцаў — строгія вымовы.
У саміх тых мішках, можа, і была ідэалагічная небяспека, але ніякай пагрозы для жыцця людзей яны не мелі. Іншая справа — зброя. А менавіта з самаробнай гранатай і пісталетам, па звестках Следчага камітэта, і затрымалі 26 лістапада на чыгуначным вакзале Мінска беларуса, які нібыта дзень таму прыехаў з Украіны.
Адпаведна, узнікаюць пытанні: няўжо так лёгка можа праехаць беларускую мяжу са зброяй і ці праведзеная праверка па гэтым факце?
“Пакуль гэтыя ўсе пытанні пад Следчым камітэтам — яны разбіраюцца, яны з ім працуюць, яны высвятляюць, — адказвае на маё пытанне пра службовую праверку кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка. — Калі нейкія фарматы будуць высветленыя, то, адпаведна, і далейшыя праверкі будуць праводзіцца. Тут паўсюль свая логіка і свой ланцужок дзеянняў. Папярэдне мы ведаем толькі тое, што Следчы камітэт агучыў: яго затрымалі на вакзале. Якім чынам ён трапляў, ездзіў туды (У зону правядзення антытэрарыстычнай аперацыі ва Украіне, — Еўрарадыё) і ці быў ён там, гэта ўсё павінна быць вызначана больш дакладна і больш зразумела”.
Такім чынам, пакуль Следчы камітэт не скажа, што факт правозу зброі праз украінска-беларускую мяжу даказаны, ніякіх службовых праверак памежнікі правозіць не будуць. Калегу падтрымлівае начальнік аддзела інфармацыі Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч.
Сяргей Кабаковіч: “Калі будзе выяўлена, што ён праз мяжу вёз гэта, тады можа і трэба ўнутраную праверку праводзіць. А калі ўпэўненасці такой няма… У дадзены момант ва ўсім следства разбіраецца”.
Суразмоўца Еўрарадыё пагаджаецца: набыць ці “знайсці” зброю ў Беларусі практычна немагчыма. Тым не менш, кажа Кабаковіч, інфармацыю па справе яны “даюць вельмі асцярожна таму, што яна патрабуе вялікай праверкі”.
Адзінае, чым дзяліцца прадстаўнік Следчага камітэта, што затрыманага на вакзале ўзялі пад варту. Праўда, прозвішча яго не называюць па-ранейшаму. Паведамляецца толькі, што мужчына — 28-гадовы ураджэнец Віцебшчыны, навучаўся ва ўніверсітэце ў Наваполацку.
Вядома, што дадзеным факце распачатая крымінальная справа за “Незаконныя дзеянні ў дачыненні зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў”. На пытанне, ці будзе ў дачыненні да затрыманага, які меў пасведчанне пра ўдзел у антытэрарыстычнай аперацыі, распачатая справа па артыкуле “Наёмніцтва”, Сяргей Кабаковч таксама не адказвае. Маўляў, казаць пакуль рана, “следства ў дадзены момант ва ўсім разбіраецца”.
Дарэчы, “камплект” зброі, якую нібыта меў пры сабе баец з пазыўным “Дук”, выклікае шмат пытанняў у байцоў батальёна “Правага сектару”. “Калі шчыра, фотаздымкі зброі, якую ў яго нібыта канфіскавалі, вельмі здзіўляюць. Пісталет Макарава тут рэдкасць. На чорным рынку ён каштуе больш за 1000 долараў. А штука баксаў — дурныя грошы! АКС-74 (Малагабарытная мадэль аўтамата Калашнікава, — Еўрарадыё), напрыклад, каштуе ад 300 да 700 баксаў. Мы лічым, што яго маглі ўзяць "голым", але з дакументамі. А іншае да справы ўжо прыклалі”, — дзеліцца з Еўрарадыё адзін з іх сваім разважаннямі.
Такім чынам, сітуацыя з затрыманнем узброенага беларуса-добраахвотніка, які прыехаў з Украіны, пакідае шмат пытанняў. Як і адсутнасць рэакцыі на гэты факт з боку вышэйшага кіраўніцтва краіны — не тое, што ў выпадку са шведскім “плюшавым дэсантам”.
Чэмпіён Магілёўшчыны па практычнай стральбе ваюе на баку “ДНР”?
Фота з сайту sk.gov.by і ад ананімных крыніц.