Следчы камітэт узнавіў праверку па заяве акторкі, збітай у навагоднюю ноч
Следчы камітэт узнавіў праверку па заяве акторкі Святланы Сакаловай, збітай у навагоднюю ноч год таму. Дзяўчына распавядае, што на ялінцы каля “Чыжоўка-Арэны” ў Мінску амапавец ударыў яе па руцэ дзвярыма службовага аўтобуса, а пасля — дубінкай па галаве. З моманту здарэння мінула 13 месяцаў, адзін раз Сакаловай ужо адмовілі ў тым, каб пачаць крымінальную справу.
“Расследаванне проста зацягвалі. Акрамя таго, падчас працэсу былі дапушчаныя і іншыя парушэнні, — лічыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Адвакату Святланы не давалі доступу да матэрыялаў праверкі, матывуючы гэта тым, што па крымінальна-працэсуальным кодэксе такіх норм не існуе. А каб атрымаць доступ, неабходна было дадаткова зрабіць шэраг бюракратычных працэдур. У выніку мы былі вымушаныя звярнуцца да спецдакладчыкаў ААН і некаторых міжнародных арганізацый”.
Праверку праводзіла ўпраўленне Следчага камітэта па Заводскім раёне Мінска. Цяпер ёю займаецца Цэнтральны апарат СК. Пра гэта Святлана дазналася праз афіцыйны ліст, які прыйшоў ад следчых. Сілавікі нанова ўсталёўваюць акалічнасці здарэння і дапытваюць відавочцаў інцыдэнту.
Хто менавіта паўплываў на тое, што следчыя ізноў звярнулі ўвагу на выпадак Святланы, Валянцін Стэфановіч не ведае. Спецдакладчыкі разглядаюць справы ў закрытым рэжыме і не даюць афіцыйных адказаў. Але звычайна камітэты ААН і іншыя міжнародныя арганізацыі дасылаюць у МЗС лісты з афіцыйнымі запытамі, дзе просяць звярнуць увагу на расследаванне і прыняць неабходныя меры.
Праваабаронцы мяркуюць, што выпадак Святланы Сакаловай усё ж можа не дайсці да разгляду ў судзе.
“Мы ўжо неаднаразова сутыкаліся з сітуацыямі, калі праверкі па гучных справах узнаўляліся, але ні да чаго не прыводзілі, — кажа Стэфановіч. — Таму аптымізму пакуль няма, зараз трэба толькі чакаць. Але, канешне ж, мы спадзяёмся што суд будзе і вынясе аб’ектыўны вырак супрацоўніку АМАП”.
У Следчым камітэце адзначылі, што пра сітуацыю чулі, але падрабязнасці паабяцалі распавесці пазней. Еўрарадыё будзе сачыць за развіццём падзей.