Спадарожнікавыя талеркі здымуць дзеля калектыўнага тэлебачання

У Брэсце збіраюцца так зрабіць. Жыхарам цэнтра прапануюць кабельнае і эфірнае ТБ замест іх “талерак”. Дзіўна, што ніякага канкрэтнага даручэння зняць “талеркі” там пакуль не было. Але ўлады ўжо плануюць, як гэта зрабіць: напрыклад, падчас рамонту. Уся соль гэтай сітуацыі ў тым, што каналы, якія ловіць ваш спадарожнік, не кантралюе ніхто, а тое, што збіраюцца навязаць, правярае Міністэрства інфармацыі. Менавіта яно вырашае, што паказваць гледачам кабельнага і эфірнага тэлебачання, а што не. Да таго ж гэта бізнес, які праз “талерку” так не наладзіш.

Віктар Галіноўскі: “У Брэсце ў нас ніякай дырэктывы ці ўказання зняць спадарожнікавыя талеркі пакуль не было. Але, хутчэй за ўсё, будзе. Таму ў працэсе выканання рамонту – бягучага, капітальнага, - натуральна, усё гэта будзе знята”.

Начальнік аддзела добраўпарадкавання і санітарыі горада Брэсцкага гарвыканкаму Віктар Галіноўскі распавёў нам, што “выбар”, які прапануюць людзям, – гэта сапраўды эфірнае і кабельнае ТБ.

Віктар Галіноўскі: "У нас у горадзе ёсць два кабельныя аператары, якія пабудавалі ўжо сістэмы калектыўнага прыёму тэлебачання. Гэта ў мікрараёне “Усход”, на “Кавалёўцы”, на “Вульцы”, вось у горадзе цяпер будуюць. Ну вось, здымуць праблему гэтую. Ёсць эфірна-кабельнае яшчэ тэлебачанне. Дык гэта ж тое самае! У іх на адным доме на даху стаіць 6-8 талерак, якія накіраваныя ў розных напрамках. Сігнал паступае потым на галаўную станцыю, потым узмацняецца і далей па кабелі – абаненту".

То бок у жыхароў Брэста будзе два пакета каналаў – сацыяльны, у які ўваходзяць шэсць “нашых” праграм, і камерцыйны, які ўзгадняецца ў Міністэрстве інфармацыі і ў Міністэрстве сувязі.

Каналы, якія цяпер прапануюць людзям, будуць, вядома, адрознівацца ад тых, якія можна глядзець па "талерцы". Гэта прызнаюць і ў гарвыканкаме.

Віктар Галіноўскі: "Вось нейкія праграмы асобныя Міністэрства інфармацыі можа і не ўзгадніць".

Вось тут закрадаецца ізноў падазрэнне, ці не звязаныя забароны на "талеркі" з непажаданымі для беларускіх уладаў каналамі. Напрыклад, з "Белсатам", які неўзабаве пачне вяшчаць на Беларусь з Польшчы. Брэст - абласны горад, які бліжэй за ўсе астатнія да польскай мяжы, і польскія ТБ і радыё там даволі папулярныя. Гэтага не адмаўляюць і ў Брэсцкім гарвыканкаме.

Віктар Галіноўскі: "Брэст знаходзіцца ў зоне ўпэўненага прыёму польскай перадаючай станцыі. У прынцыпе, польскія каналы і “на цвік” можна глядзець. Калі вокны выходзяць на захад і няма ніякіх збудаванняў, якія перашкаджаюць прамой бачнасці, то і на пакаёвую антэну можна глядзець. А вось у сістэмах калектыўнага прыёму тэлебачання, канешне, гэты польскі канал, напэўна, будзе адсутнічаць, таму што польскі бок мусіць заключыць дамову на распаўсюд сваіх тэлепраграм на тэрыторыі нашай краіны. А з іншымі аператарамі дамовы ёсць у кабельнага тэлебачання, і яны ўзгодненыя з Мінінфармацыі і Мінсувязі".

У Міністэрстве інфармацыі нас запэўнілі, што кантраляваць спадарожнікавае тэлебачанне яны не збіраюцца і не могуць. А вось эфірнае і кабельнае тэлебачанне сапраўды знаходзяцца пад іх кантролем.

"У нас працуюць у рэспубліцы 129 кабельных аператараў, мы сапраўды ўзгадняем іх праграмы. Але яны пастаянна папаўняюць спіс, у нас ужо ёсць прэтэндэнты на выкарыстанне ў эфіры да 70 кабельных каналаў. Што тычыцца спадарожнікавых антэн, ніякіх дакументаў і даручэнняў нам на гэты конт не прыходзіла. Спадарожнікі – гэта ваша права, асабістае, вы можаце глядзець, што хочаце. У астатніх выпадках патрэбныя дамовы, узгадненні, бо гэта ўжо бізнэс. Так працуюць і эфірнае, і кабельнае тэлебачанне, і “Космас-ТВ”. Мы кантралюем сёння той кантэнт, які ідзе па кабелі".

У Брэсцкім гарвыканкаме кажуць, што некаторыя людзі вельмі незадаволеныя новаўвядзеннямі. Менавіта таму, што яны хочуць глядзець канкрэтныя каналы, якія акурат з Мінінфармацыі дамовы не маюць.

Віктар Галіноўскі: "Ёсць і рэзка незадаволеныя ў нас. Ён хоча, напрыклад, глядзець якую-небудзь расійскую праграму. А ў нас яе няма. Ці польскую хоча. А ў нас зноў яе няма. Ну, таму што не ўзгоднена з Міністэрствам інфармацыі зноў-такі гэтая праграма".

Першым месцам, дзе пачалі забараняць спадарожнікавыя антэны, быў горад Ліда. І ўжо тады хадзілі чуткі: на Лідзе правяраюць задуму, калі спрацуе – так зробяць па ўсёй краіне. І сапраўды, хваля забарон дакацілася і да сталіцы. Можа стацца так, што ўлады зноў правяраюць, ужо на прыкладзе Брэста – ці згодзяцца людзі глядзець тое, што хоча дзяржава, замест таго, што яны выбралі самі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі