Спецпрадстаўнік ЕС па правах чалавека сустрэўся з беларускімі праваабаронцамі
9 сакавіка спецпрадстаўнік ЕС па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс сустрэўся з прадстаўнікам няўрадавых праваабарончых арганізацый. Разам з ім офіс праваабаронцаў наведалі кіраўніца прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску Андрэа Віктарын і супрацоўніца прадстаўніцтва па палітычных пытаннях Рэната Врубель.
Беларускі бок прадстаўлялі старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак, дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка, кіраўніца ПЦ “Ідэнтычнасць” Наталля Манькоўская, намесніца кіраўніка Беларускага дакументацыйнага цэнтра Таццяна Агеева, і намеснік старшыні закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
Як паведамляецца на сайце "Вясны", за паўтары гадзіны ўдалося абмеркаваць з прадстаўнікамі ЕС не толькі цяперашнюю сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, але і значна шырэйшае кола пытанняў.
Спецпрадстаўнік ЕС знаходзіцца ў Мінску з працоўным візітам з 8 па 11 сакавіка. 10 сакавіка ён прыме ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі па праблеме смяротнага пакарання, якую арганізуе прадстаўніцтва ААН у Беларусі пры падтрымцы амбасады Вялікабрытаніі.
9 сакавіка Ламбрынідзіс таксама сустрэўся з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам і кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам. 10 сакавіка ён плануе сустрэцца з былым палітвязнем, экс-кандыдатам у прэзідэнты Мікалаем Статкевічам і некаторымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.