Справа "Экамедсэрвіса": Апарат інгаляцыі працаваў з дэфектамі з 2012 года

Апарат інгаляцыйнай анестэзіі са штучнай вентыляцыяй лёгкіх працаваў з дэфектамі з сярэдзіны 2012 года.



Гэта вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, абвешчаных 23 студзеня на працэсе ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска, перадае БелаПАН. Менавіта гэты апарат фігуруе ў справе аб гібелі пацыенткі медцэнтра Юліі Кубаравай.



Па словах дзяржабвінаваўцы Мікалая Жачко, эксперты ўстанавілі, што газааналізатар апарата не працаваў з сярэдзіны чэрвеня 2012 года. Герметычнасць контуру была парушаная ў кастрычніку 2012-га, а колба для абсорбера мела расколіну па ўсёй вышыні. Урач-анэстэзіёлаг Аляксандр Шураў разам з сястрой-анэстэзісткай Ірынай Нямухінай заклеілі яе ў некалькі слаёў скотчам і, як распавядала раней у судзе Нямухіна, выканалі з выкарыстаннем гэтай колбы 44 аперацыі.



Апарат быў закуплены "Экамедсэрвісам" 15 студзеня 2007 года. Пасля заканчэння тэрміну гарантыі ён не быў пастаўлены на сэрвіснае абслугоўванне. Гэта адбылося толькі 9 красавіка 2013 года, ужо пасля аперацыі Кубаравай, падчас якой абсталяванне некалькі разоў давала збой. Адзінае сэрвіснае абслугоўванне апарата праводзілася 26 верасня 2010-га.



Незабеспячэнне сэрвіснага абслугоўвання апарата ставіцца ў віну галоўнаму інжынеру медцэнтра Вадзіму Ліхуту. Хоць ён і інфармаваў кіраўніцтва цэнтра пра неабходнасць заключыць дамову на сэрвіснае абслугоўванне, але не дамогся іх падпісання.



Фота Юліі Кубаравай — ctv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі