Справа "Нашай Нівы": што вядома да гэтага часу?
Затрыманне журналістаў у Беларусі / Наталля Федасенка, ТАСС
Галоўны рэдактар "Нашай Нівы" Ягор Марціновіч, рэдактар выдання Андрэй Скурко і галоўны рэдактар часопіса "Наша гісторыя" Андрэй Дынько сёння былі затрыманыя на 72 гадзіны. Пра гэта паведамілі ў тэлеграм-канале выдання.
Усе яны праходзяць падазраванымі па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У гэтым артыкуле ідзе гаворка аб "дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Мінімальная санкцыя па ёй прадугледжвае штраф, максімальная — да трох гадоў пазбаўлення волі.
Гэта той жа артыкул, па якім журналісткі "Белсату" Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова атрымалі два гады пазбаўлення волі.
Ад блакавання сайта да затрымання людзей
Раніцай, 8 ліпеня, сайт "Нашай Нівы" стаў недаступны. На перабоі з доступам да сайта скардзіліся як за мяжой, так і ў Беларусі.
У офіс выдання, а таксама ў офіс бухгалтэрыі "Нашай Нівы" прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі Цэнтральнага апарата МУС.
У гэты ж час стала вядома аб затрыманні галоўнага рэдактара выдання Ягора Марціновіча невядомымі. Пазней Марціновіча даставілі дадому, у яго прайшоў ператрус.
Ператрус прайшоў таксама ў кіраўніка аддзела маркетынгу і рэкламы выдання Андрэя Скурко.
Сілавікі прыйшлі ў дом і да Андрэя Дынько. Ён не з'яўляўся рэдактарам "Нашай Нівы" з 2018 года. Зараз Дынько ўзначальвае працу над гістарычным часопісам "Наша гісторыя", а таксама дзіцячымі часопісамі на беларускай мове "Дуду" і "Асцярожна, дзеці".
Усе трое будуць дастаўлены ў ІЧУ на Акрэсціна. Яны затрыманыя на 72 гадзіны.
Як паведамляе БАЖ, Скурко хворы на цукровы дыябет. Яму дазволілі ўзяць з сабой лекі на трое сутак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.