Стала вядома, дзе працуе былы прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў
Стала вядома, дзе працуе былы беларускі прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. 9 лістапада ён быў абраны ў склад савета дырэктараў Белгазпрамбанка "у статусе незалежнага дырэктара". Як інфармуе прэс-служба Белгазпрамбанка, за месяц да гэтага Кабякоў "прайшоў ацэнку спецыяльнай камісіі Нацбанка на адпаведнасць кваліфікацыйным патрабаванням і патрабаванням да дзелавой рэпутацыі". Якраз у пачатку кастрычніка і з'явілася неафіцыйная інфармацыя пра тое, што экс-прэм'ер-міністр стане банкірам.
21 лістапада Андрэю Кабякову споўніцца 58 гадоў. Беларускі ўрад ён узначальваў з 27 снежня 2014-га да 18 жніўня 2018 года. На пасадзе прэм'ера Кабякова змяніў Сяргей Румас. Калі першы ў банкаўскай сферы не працаваў, дык другі кіраваў Банкам развіцця.