У пачатку наступнага тыдня ў Беларусь вернуцца маразы

У пачатку наступнага тыдня ў Беларусь вернуцца маразы

Марознае надвор'е вернецца ў Беларусь на пачатку наступнага тыдня. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавялі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У пятніцу, 2 лютага, на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу, месцамі магчымыя слабыя туман і галалёд. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Уначы тэмпература паветра будзе ў дыяпазоне ад 3 градусаў марозу да 3 цяпла. Удзень чакаецца ад нуля да 5 градусаў са знакам "плюс".

У суботу, захаваецца адліжнае надвор'е з ападкамі. На большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца мокры снег і дождж. У асобных раёнах будзе галалёд, на дарогах — галалёдзіца. Па паўднёвым усходзе магчымы слабы туман. Уначы слупок тэрмометра пакажа ад -5 па поўначы да +3 па поўдні. Удзень прагназуецца ад 3 градусаў марозу да 3 цяпла, па паўднёвым усходзе — да 5 вышэй за нуль.

У нядзелю, 4 лютага, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе кароткачасовы снег, месцамі ён будзе суправаджацца моцным парывістым ветрам і завеяй. Па паўднёвым усходзе краіны чакаюцца працяглыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Месцамі будзе моцны мокры снег, наліпанне мокрага снегу, галалёд. У асобных раёнах на дарогах чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак будзе ад 1 да 7 градусаў марозу, толькі па паўднёвым усходзе краіны будзе ад нуля да 3 градусаў цяпла.

А ўжо ў панядзелак, 5 лютага, пахаладае. У асобных раёнах чакаецца кароткачасовы снег, на дарогах — галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак апусціцца да 2-8 градусаў ніжэй за нуль, па поўначы краіны будзе да -10 градусаў. Уначы пры праясненнях па паўночным усходзе чакаецца да 14 градусаў марозу.

Маразы ўзмацняцца ў аўторак-сераду. У асобных раёнах прагназуецца невялікі кароткачасовы снег. Месцамі — слабыя туман і шэрань. Уначы будзе -7...-13 градусаў (пры праясненнях — да 14-19 градусаў марозу). Удзень слупок тэрмометра пакажа ад 4 да 10 градусаў са знакам "мінус".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі