Стала вядома, хто зможа са студзеня перайсці на падатак на прафесійны даход
Ці пераходзіць на выплату гэтага новага віду падатку, чалавек можа вырашаць сам / pixabay
Стала вядома, хто зможа з наступнага года перайсці на выплату падатку на прафесійны даход. Пералік відаў дзейнасці, з якіх можна будзе плаціць падатак на прафдаход, вызначыў Саўмін.
Падатак на прафесійны даход — гэта спецыяльны падатковы рэжым для фізічных асоб, які ўводзіцца з 1 студзеня 2023 года. Перайсці на такую сістэму падаткаабкладання могуць толькі самазанятыя, у якіх няма працадаўцы і наёмных работнікаў у падначаленні.
Чалавек сам вырашае, ці хоча ён пераходзіць на такую сістэму выплаты падатку.
У пералік відаў дзейнасці, з якіх можна будзе плаціць новы від падатку, увайшлі сярод іншага: рамесніцкая дзейнасць, дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, продаж фізічнымі асобамі кветак, продаж кандытарскіх вырабаў уласнай вытворчасці, відэаздымка падзей, дзейнасць па пісьмовым і вусным перакладзе, нанясенне аквагрыму, наладжванне, рамонт музычных інструментаў, цырульні і касметычныя паслугі, а таксама паслугі па манікюры і педыкюры. Увесь пералік даволі шырокі, з поўным спісам відаў дзейнасці можна пазнаёміцца тут.
Выплата падатку на прафесійны даход замяняе выплату:
- падаходнага падатку з фізічных асоб;
- збору за ажыццяўленне рамесніцкай дзейнасці;
- адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб;
- абавязковых страхавых унёскаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.