Чаго чакаць беларусам ад скасавання двайнога падаткаабкладання з ЕС і ЗША
Прорва паміж заходнім і беларускім бізнесам пашыраецца
13 сакавіка ў сілу ўступіла пастанова Савета Міністраў па пытаннях падаткаабкладання. Згодна з новай нормай, Беларусь часова (да 31 студзеня 2026 года) выходзіць з міжнародных дамоў аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання.
Еўрарадыё распытала экспертаў, як гэта адаб’ецца на жыцці беларусаў з абодвух бакоў мяжы.
Контры з краінамі Захаду
Як выцякае з пастановы, дамова аб двайным падаткаабкладанні была ліквідаваная рэжымам у адказ на ўведзеныя эканамічныя санкцыі, рашэнне распаўсюджваецца як на юрыдычных асоб, так і на фізічных. Прыпыняецца дзеянне артыкулаў пагадненняў адносна выплаты дывідэндаў, даходаў ад даўгавых патрабаванняў і даходаў ад адчужэння маёмасці.
Абмежаванні закрануць кампаніі і беларусаў, якія працуюць у ЗША, Польшчы, Францыі, Даніі, Швецыі, Бельгіі, Літве, Латвіі, Нідэрландах, Чэхіі, Балгарыі, Эстоніі, Румыніі, Кіпры, Швейцарыі, Славакіі, Аўстрыі, Венгрыі, Харватыі, Паўночнай Македоніі, Італіі, Германіі, Фінляндыі, Ірландыі, Славеніі, Іспаніі і Вялікабрытаніі.
Пастанову могуць скасаваць у выпадку “змены абставін, якія паслужылі падставай для яе прымянення, або на прапанову Міністэрства па падатках і зборах”.
Разамкнутыя абдымкі
Якіх жа наступстваў чакаць бізнесменам і простым беларусам?
“Будуць фармавацца новыя ланцужкі з юрасоб, каб абысці абмежаванне. Але без гэтай відавочнай праблемы можна было б абысціся. Ніякіх пазітыўных момантаў для бюджэту і простых людзей тут не прадугледжвалася. Гэта як плюнуць у спіну чалавеку, які праходзіць міма. Бязглузда, непрыемна, а галоўнае — бессэнсоўна”, — лічыць Аляксандр.
А што з таго беларускаму бюджэту?
Уплыў на беларускі бюджэт гэтай меры ацаніць дастаткова складана.
“Трэба ўлічваць той факт, што падвышэнне падатковых ставак аўтаматычна не прыводзіць да росту падатковых паступленняў, паколькі можа пацягнуць за сабой скарачэнне дзелавой актыўнасці, напрыклад, аперацый заходніх кампаній у Беларусі. Асноўны артыкул папаўнення беларускага бюджэту — падатак на дададзеную вартасць, які фармуе да траціны ўсіх падатковых паступленняў і спагнанне якога пагадненне аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання не рэгулюе”, — расказвае Алег Мазоль.
Эканаміст і кіраўнік праекта “Кошт урада” Уладзімір Кавалкін не бачыць сэнсу ў адмене дамовы аб двайным падаткаабкладанні.
“Адказ на гэтае пытанне могуць даць толькі людзі, якія прымалі такі закон. Калі казаць пра відавочныя мэты, то ёсць жаданне раз’яднаць беларускі і замежны бізнесы, каб было менш стасункаў паміж намі і астатнім светам”.
Бізнесмены і звычайныя людзі, якія жылі на дзве краіны, цяпер будуць пастаўленыя перад пытаннем — дзе ім жыць і ў якую краіну болей укладацца, дзе плаціць падаткі.
“Мы ўсе добра разумеем адказ на гэтае пытанне — людзі застануцца за мяжой і працягнуць выводзіць усе магчымыя актывы і кадры, якія ў іх яшчэ засталіся ў Беларусі, у замежжа. Бо калі бізнес добра ідзе, навошта вяртацца ў Беларусь, дзе няма справядлівых судоў і заканадаўства працуе выбарачным чынам, у залежнасці ад інтарэсаў улады. І рынкі, і магчымасці сусветнай эканомікі не параўнальныя з магчымасцямі Беларусі і рынка ЕАЭС”.
Уладзімір лічыць, што новы закон прывядзе да пэўнага скарачэння паступлення падаткаў у дзяржбюджэт, і частка бізнесаў закрыецца.
“З іншага боку, людзі, якія з’ехалі, працягнуць рабіць пераводы грошай у Беларусь, каб дапамагаць сваім сем’ям, бацькам. І гэты тычыцца абсалютна ўсіх слаёў грамадства, ад працоўнага класа да “белых каўнерыкаў”. Усё гэта будзе спрыяць працягу “малдавізацыі” эканомікі Беларусі. Усе спрытныя, разумныя і адукаваныя будуць з’язджаць за мяжу, а на радзіму будуць высылаць толькі грошы на падтрымку родных — і ўсё”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.