Беларусаў, якія гандлююць у Расіі праз маркетплэйсы, абавяжуць плаціць там ПДВ
Расійскі анлайн-рытэйлер Wildberries
Беларускіх прадаўцоў, якія праз маркетплэйсы прадаюць свае тавары ў Расіі, абавяжуць плаціць ПДВ у гэтай краіне. Папраўкі ў расійскае заканадаўства ўжо падрыхтаваны і ўнесены ў Дзярждуму. Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс".
Змяненне закране прадаўцоў з ЕАЭС. Цяпер падаткаплацельшчыкі з Беларусі, Арменіі, Казахстана і Кыргызстана пры продажы тавараў праз электронныя гандлёвыя пляцоўкі расійскім фізічным асобам не абкладаюцца ПДВ на тэрыторыі Расіі. З прыняццем паправак сітуацыя зменіцца. Згодна з законапраектам, прадаўцы з краін ЕАЭС, у якіх няма дамовы камісіі з пасярэднікамі ў Расіі, павінны будуць выплачваць гэты падатак самі — праз асабісты кабінет падаткаплацельшчыка. Калі прадавец працуе праз расійскіх пасярэднікаў, падатковым агентам будзе выступаць пасярэднік. Ён жа будзе плаціць падатак.
Калі закон прымуць, то ён уступіць у сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання, але не раней за 1 ліпеня 2024 года. Для ІП з ЕАЭС новыя правілы пачнуць дзейнічаць з 1 студзеня 2025 года. Асноўная стаўка падатку складзе 20% ад кошту, ільготная — 10%. У выпадку, калі пакупнік верне тавар, то аплачаны падатак будзе ўлічвацца ў будучых плацяжах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.