Падаткавікі папярэдзілі прадпрымальнікаў пра чарговыя змены
Прадпрымальнікаў чакаюць чарговыя змены па падатках
Усе індывідуальныя прадпрымальнікі з 1 ліпеня 2024 года будуць абавязаныя падаваць падатковыя дэклярацыі ў электронным фармаце. Пра гэта паведамляецца на сайце Міністэрства па падатках і зборах.
Цяпер электронную дэкларацыю абавязаныя падаваць толькі тыя ІП, якія плацяць падатак на даданую вартасць.
Змены прадугледжаныя праўкамі, унесенымі ў Падатковы кодэкс.
З 1 студзеня для ІП увялі павышаны падаходны падатак, калі іх даходы за год перавышаюць 500 тысяч рублёў. Замест ранейшых 20% ІП у такім разе абавязаныя плаціць 30% з сумы перавышэння.
Таксама для ІП павысілі стаўкі адзінага падатку. Напрыклад, за здачу жылля ў кароткатэрміновую арэнду ў Мінску цяпер плацяць 667 рублёў (раней было 620 рублёў), а ў абласных гарадах — 621 рубель (раней было 578 рублёў).
Таксама ІП могуць трапіць у лік "дармаедаў", калі яны толькі лічацца ІП, але не плацяць падаходны падатак. Адпаведныя змены прынялі ў канцы студзеня 2023 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.