Сталі вядомыя імёны 4 беларусаў, якія ваявалі за РФ ва Украіне і загінулі
Загінулі за "рускі свет"
Сталі вядомыя імёны 4 беларусаў, якія ваявалі за РФ ва Украіне і загінулі. Іх магілы знайшлі ў Краснадарскім краі і ў Луганску. Расследаванне зрабілі журналісты "Настоящего времени".
У Станіцы Бакінскай у Краснадарскім краі на вялізных могілках вагнераўцаў пахаваныя трое беларусаў, якія адбывалі пакаранне ў расійскіх калоніях і былі завербаваныя на вайну ва Украіну. Сяргей Брэль з Бабруйска. Адбываў пакаранне ў Архангельскай вобласці Расіі па артыкуле "наўмыснае прычыненне цяжкай шкоды здароўю". Загінуў у студзені 2023-га. 47-гадовы Андрэй Гаўрыкаў быў зарэгістраваны ў вёсцы Чарнеўка Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці. У РФ адбываў прысуджаныя яму 22,5 года калоніі (асуджаны за забойства чалавека). Загінуў у лютым сёлета. Міхаіл Крупа з пасёлка Слабада Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Быў асуджаны ў РФ за тое, што ў Краснадарскім краі скраў з крамы алкаголь і прадукты. Адбываў пакаранне ў Стаўрапальскім краі.
На могілках у Луганску пахаваны беларус Рыгор Сафонаў. Ён таксама скраў у РФ прадукты ў краме, збываў гераін, і ў выніку быў затрыманы і асуджаны. У калоніі яго завербавалі вагнераўцы. Сафонаву было каля 35 гадоў.
Раней ужо было вядома пра беларусаў, у тым ліку і загінулых, якія ваявалі ва Украіне на баку Расіі. Сярод іх быў шматдзетны бацька з Полацка. Цяпер жа названыя новыя прозвішчы.
Непараўнальна значна больш беларусаў ваююць за Украіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.