Старшыня сельсавета спрабаваў збегчы з залы суда і аказаў супраціў

Старшыня сельсавета спрабаваў збегчы з залы суда і аказаў супраціў

У Брэсцкім раёне старшыня сельсавета спрабаваў збегчы з залы суда і аказаў супраціў міліцыянерам. За махлярства і падбухторванне да дачы хабару яго асудзілі на 2 гады і 7 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, інфармуе БЕЛТА.

47-гадовы мужчына займаў пасаду старшыні сельсавета ў 2014-2017 гадах. На парушэнне закону пайшоў з-за вострай патрэбы ў грошах — ён рабіў стаўкі ў букмекерскіх канторах і, відаць, шмат прайграваў. Тады старшыня пачаў прапаноўваць знаёмым хуткае атрыманне зямельных участкаў у навакольных вёсках. За гэта браў грошы — ад 100 долараў да $6 тысяч. Участкаў людзі не атрымалі, а грошы згубілі.

На судзе было агучана, што дваім пацярпелым старшыня сельсавета прапанаваў даць хабар чыноўнікам для станоўчага вырашэння пытання з участкамі. Гэта былі 2 і 4 тысячы долараў. Верагодна, і гэтыя грошы мужчына прайграў.

Працэс праходзіў у судзе Брэсцкага раёна. Прысуд яшчэ не набыў законную сілу. Невядома, ці будзе давацца прававая ацэнка дзеянням экс-старшыні ў зале суда пасля абвяшчэння прысуду. Пакуль праводзіцца праверка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі