Страты ад чумы свінняў у Расіі — 1 мільярд долараў

За 2013 год у Расіі выяўлена 37 ачагоў афрыканскай чумы свінняў (АЧС). Вірус выяўлены ў 10 рэгіёнах краіны. У тым ліку — у Смаленскай вобласці, памежнай з Беларуссю.

Еўрарадыё вырашае паглядзець, як у Расіі змагаюцца з чумой: ці ставяць кардоны на дарогах, ці вандруюць урачы разам з забойшчыкамі па вёсках і ці практыкуюць там масавае знішчэнне свінняў, якому так супраціўляюцца жыхары Беларусі.

Афрыканская чума — невылечная інфекцыйная хвароба. 100% свінняў, якія падхапілі вірус, паміраюць. Хвароба прымае розныя формы: ад вострай да хранічнай і бессімптомнай, з непрадказальным распаўсюдам.

Чума свінняў не мае небяспекі для чалавека. Але, каб не дапусціць яе распаўсюду, усё пагалоўе жывёлаў знішчаецца, нават калі хваробу выяўляюць толькі ў адной свінні.

У СССР чума трапіла ў 1977 годзе. Першы сучасны выбух хваробы зафіксаваны на Кубані і ў Чачні ў 2007 годзе. З таго моманту па травень 2013 года Рассельгаснагляд зарэгістраваў 394 ачагі афрыканскай чумы, а агульныя страты ацаніў у 1 мільярд долараў, паведамляюць “Ведомости”.

У Беларусі свая матэматыка. Па афіцыйнай інфармацыі, у барацьбе з вірусам знішчылі 1646 свіней. Людзям выплачваюць за іх кампенсацыю — па 18 тысяч 337 рублёў за кілаграм жывой вагі. Сярэдняя вага свінні перад забоем — 110 кілаграмаў. Значыць, толькі мяса хворых свінняў будзе каштаваць блізу 400 тысяч долараў.

Летам 2011 года афрыканская чума свінняў выбухнула ў Вышнім Волачку. Вакол горада ўсталявалі 20-кіламетровую зону каранціну. Людзям забаранілі паляваць і ўвогуле заходзіць у лясы (штраф — 130 долараў). Мясакамбінаты прымалі свініну на перапрацоўку па 78 расійскіх (каля 20 тысяч беларускіх) рублёў — у 4 разы танней за рэальны кошт. А ўлады Цвярской вобласці нават збіраліся адмяніць рок-фэст “Нашествие”.

У 2012 годзе афрыканская чума з пераменным “поспехам” гуляла па Расіі. Пераважна — па поўдні краіны. Лік знішчаных свінняў пайшоў на дзясяткі тысяч, толькі ў Цвярской вобласці іх забілі больш за 33 тысячы. А 20 лютага 2013 года ў лесе пад Бранскам знайшлі 6 памерлых дзікоў. Аналіз на афрыканскую чуму даў станоўчы вынік. На наступны дзень паліцыя ачапіла буйныя населеныя пункты і выставіла пасты на дарогах.

Тады ж, у лютым, міністр сельскай гаспадаркі Расіі Мікалай Фёдараў заявіў, што ўсе ачагі чумы ліквідаваныя. Але цяпер заражаных свінняў знаходзяць ужо не толькі ў тых рэгіёнах, дзе хвароба праяўляла сябе, але і ў раней “здаровых” Смаленскай і Тамбоўскай абласцях.

Фота: rus.ruvr.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі