Стрыечны брат Караткевіча не пускае нікога ў пакой класіка (ФОТА)

Карэспандэнт Еўрарадыё цудам пабачыў стол у рагачоўскай хаце, за якім Караткевіч пісаў “Каласы пад сярпом тваім” У свядомасці неабазнанага чытача мясціны Караткевіча – гэта Ворша, дзе ён нарадзіўся, і Мінск – дзе жыў і памёр. Аднак ёсць яшчэ адзін беларускі горад, дзе Караткевіч, паводле ўспамінаў ягоных сяброў, правёў “ледзьве не палову жыцця”. У Рагачове былі напісаныя “Ладдзя Роспачы”, “Віно дажджоў”, “Сівая легенда”, часткова “Каласы пад сярпом тваім”.

Тут, у дзядулевай хаце, дзядзька Ігар вылучыў пляменніку Валодзю асобны пакой. Караткевіч набыў туды стол – і начамі пісаў, пісаў, пісаў… Сёння ў гэтай хаце жыве стрыечны брат Уладзіміра Караткевіча Сяргей з жонкай Тамарай і сынам Васілём. Сяргей любіць выпіць, а да гасцей ставіцца не вельмі цёпла. Мы разам з пісьменнікам Уладзімірам Арловым спрабуем патрапіць у хату, каб пабачыць пакой вялікага пісьменніка.

Уладзімір Арлоў: Добры дзень, я ў вас ужо бываў…
Спадар Сяргей: А хто вас запусціў сюды?!
Уладзімір Арлоў: Ну, мы пастукалі…
Спадар Сяргей: Як пастукалі, так і выйдзеце!.. Да пабачэння!..
Уладзімір Арлоў: Спадар Сяргей, гэта – журналісты самых галоўных беларускіх газет. Яны хочуць унікнуць…
Спадар Сяргей: Ідзіце са свімі газетамі, мне печ падпальваць газет няма…
Уладзімір Арлоў: …унікнуць у вашы праблемы, можа быць, дапамагчы... Са шчырай душой прыехалі людзі…
Спадар Сяргей: Вы ніколі нічога не дапамаглі!..
Уладзімір Арлоў: А раптам гэтым разам атрымаецца?
Спадар Сяргей: Да пабачэння, я сказаў!..
Уладзімір Арлоў: А можа быць, вы нас пусціце на 5 хвілін у пакой Уладзіміра Караткевіча?
Спадарыня Тамара: Ну калі ласка, зайдзіце, зайдзіце!.. Зайдзіце, я вас прашу!..
Уладзімір Арлоў: Давайце, спадар Сяргей, мы зойдзем…

Спадар Сяргей незадаволены хаваецца ў сваім пакоі, а спадарыня Тамара паказвае нам пакой класіка. Неверагодна, але і праз 25 гадоў пасля смерці Караткевіча тут усё засталося на сваіх месцах – стол, ягоныя цацачныя сабачкі (пісьменнік называў іх “сваімі дзецьмі”, бо сапраўдных дзяцей Бог яму не даў), карціна, нават шпалеры ў пакоі тая самыя!..



Спадарыня Тамара: Вось тут ён пісаў, за гэтым сталом. Гэтыя карціны таксама пры ім былі. Во гэтую, можа, ён маляваў, ці прывёз адкуль… Гэта ягоны пакой. І тут заўжды чысціня і парадак

Гаспадарам ужо прапаноўвалі іншае жытло наўзамен, каб зрабіць у гэтай хаце музей Караткевіча. І спадарыня Тамара, здаецца, не супраць. Але…

Спадарыня Тамара: Супраць гаспадар, гэта на ім хата. Я казала, а ён ні ў якую не згаджаецца. І нічога не робіць, не дапамагае, абсалютна бамжом стаў…

Спадарыня Тамара згадвае, як Караткевіч прыязджаў да іх за два месяцы да смерці, у траўні 1984 года.

Спадарыня Тамара:
Апошні раз ён быў у траўні месяцы. І мы яшчэ з’ездзілі на Вішчанскую гару разам з ім. Ён таблеткі ўжо піў, адчуваў… Але яшчэ казаў на мяне: я буду хросным у твайго дзіцёнка. І коўдрачку прыслаў, і падкоўдранік. Прыслаў – але не паспеў…

За гэты час, пакуль мы размаўляем са спадарыняй Тамарай, спадар Сяргей крыху цяплее, выходзіць са свайго пакоя – і нават пачынае згадваць дэталі адносна Караткевіча. У прыватнасці, ягонае пахаванне.



Спадар Сяргей:
Звычайна такі чалавек не прызнаецца, калі ён тут. Я толькі ўсвядоміў у дзень пахавання. Мы сядзелі пры труне, і муж пляменніцы кажа: ну, колькі можна сядзець, пайшлі папалім. Выйшлі – а там стаіць натоўп… І гэта можна разумець, каб дзяцей са школы адправілі. А гэта ж ліпень… А тут – цэлая куча… Я пытаюся ў Васі: як, што за дэманстрацыя? А ён адказвае: на пахаванне прыйшлі…

Вуліца, на якой стаіць дом Караткевіча ў Рагачове, дагэтуль носіць імя Чкалава. Яна незаасфальтаваная і брудная. Шыльды на доме таксама няма. Дый патрапіць у яго, як бачым, складана. А шкада. Бо гэта шалёна цікава для кожнага прыхільніка Караткевіча – пабачыць стол, за якім пісаліся “Каласы пад сярпом тваім”.



Хата ў Рагачове, дзе падоўгу жыў у дзядзькі Ігара Уладзімір Караткевіч



Дзядзька Ігар Грынкевіч з жонкай Галінай і сынам Сяргеем (герой рэпартажу). Рагачоў, 1954 год



Пакой Караткевіча



За гэтым сталом пісаліся "Каласы пад сярпом тваім" і "Ладдзя Роспачы"



Асабістая цацка пісьменніка




Ложак, дзе спаў Уладзімір Сямёнавіч



Ягоны імбрык



Краявід пад Рагачовам, якім часта любаваўся Уладзімір Караткевіч

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі