Студэнт філфака БДУ Ўлад Парыцкі — самы эрудыраваны ў СНД

Студэнт IV курса філілагічнага факультэта БДУ Ўлад Парыцкі перамог у турніры па “Сваёй гульні” на V Кубку Еўропы па інтэлектуальных гульнях сярод студэнтаў. Гэтыя спаборніцтвы, якія штогод праходзяць у Пецяргофе — прыгарадзе Санкт-Пецярбурга — традыцыйна збіраюць мацнейшых знатакоў студэнцкага ўзросту з Расіі, Украіны, Беларусі і Казахстана.


Нягледзячы на тое, што турнір мае статус Кубка Еўропы, звычайна геаграфія яго ўдзельнікаў абмяжоўваецца краінамі СНД. У розныя гады паспаборнічаць за студэнцкі кубак прыязжалі каманды з Ізраіля, Малдовы і нават Эстоніі, але звычайна ўсе прызы дзеляць паміж сабой прадстаўнікі Расіі, Украіны і Беларусі.

Так адбылося і сёлета. Акрамя індывідуальнай “Сваёй гульні” беларуская каманда “МІД-2”, за якую грае Ўлад Парыцкі, выйграла камандны турнір па “Брэйн-рынгу”. У фінале беларусы перамаглі сваіх суайчыннікаў з каманды “Амаль што геніі”. У скарбонцы “МІД-2” яшчэ адзін медаль — за 3-е месца ў турніры па “Эрудыт-квартэту”.

Што ж да галоўнай гульні знатакоў — “Што? Дзе? Калі?” — дык тут беларусам не пашанцавала: “МІД-2” падзяліў 4-6 месцы, а наступная каманда — “Амаль што геніі” — толькі 10-я.

У 2009 годзе Кубак Еўропы па інтэлектуальных гульнях сярод студэнтаў праводзіўся ў пяты раз. Беларусы ўдзельнічалі ў гэтых спаборніцтвах ад пачатку. Ужо ў 2005 г. каманда БДУ “Яравіт” стала віцэ-чэмпіёнам Еўропы па “Брэйн-рынгу”, а студэнт V курса філфака таго ж універсітэта Алег Сіўчанка атрымаў “бронзу” ў турніры па “Сваёй гульні”. У 2007 г. каманда “МІД-2” перамагла ў турніры па “Што? Где? Калі?” і, такім чынам, атрымала сам Кубак Еўропы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі