Студэнт Мін Чан вучыць кітайскай мінчан на ламанай рускай

Пакуль ў Інстытуце кітаязнаўства не хапае выкладчыкаў, кітайскі студэнт заваблівае ўсіх жадаючых на свае хатнія курсы
Курсы кітайскай пры Інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя ў беларускай сталіцы карыстаюцца вялікім попытам, распавяла Еўрарадыё метадыст Зоя Несцяровіч.

Зоя Несцяровіч: "У нас выкладчыкі — усе кітайцы, носьбіты мовы. Я вам скажу шчыра, што попыт вялікі. Таму зараз павінна прыехаць некалькі дадатковых выкладчыкаў з Шанхая".

Паводле слоў спадарыні Несцяровіч, людзі тэлефануюць і запісваюцца ў спісы на чаканне. Зараз заняткі ідуць у шасці групах, запісалася ў чаргу яшчэ паўтары. Кошты тут невялікія — каля 2 долараў за гадзіну.

А ў гэты час, пакуль выкладчыкі едуць з Кітая, студэнт Мін Чан заваблівае мінчукоў на свае хатнія курсы. Ён раздрукаваў падручнікі з інтэрнэту і развесіў аб'явы вакол студгарадка БДУ.

"Я вучу кітайскай мове. Я гаваркі і гасцінны, галоўнае — адказны! Поспех для тых, хто празорца!", — і тэлефон.

Дарэчы, смельчакам, якія пайдуць да Мін Чана, прыйдзецца асвойваць кітайскую праз ламаную рускую.

"5 долараў за гадзіну. У мяне выгодная прапанова, — адказвае Мін Чан па тэлефоне. — Трэба вучыцца не менш за 4-5 месяцаў. Я на 4 курсе БДУ вучуся, таму ў мяне шмат вольнага часу. У мяне ёсць матэрыялы з інтэрнэту. Тутэйшага клічуць "мінчанін", а мяне Мін Чан".

Еўрарадыё зацікавілася, што значаць словы ў аб'яве "Поспех для тых, хто празорца". На гэта кітайскі рэпетытар блытана адказаў:

"Празорца — гэта хто можа чакаецца, што ў будучыні напаткаецца".



Фота nefutbol.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі