Суд над SMS-мінёрам: пацярпелая адмовілася ад паказанняў пра згвалтаванне?

Дзеці Канстанціна Сіманава, які трапіў на дзевяць гадоў за краты пасля SMS у метро, ужо месяц як знаходзяцца ў іншай сям’і. Даніяр (8 гадоў) і Аяна (6 гадоў) ходзяць у тую ж школу Смалявічаў, дзе навучаецца “пацярпелая” па справе. 

“Дзеці знаходзяцца пад апекай яго роднай сястры, ― паведамляе Еўрарадыё Ларыса Гарніцкая, вядучы спецыяліст Смалявіцкага аддзела па ахове дзяцінства. ― Там добрая шматдзетная станоўчая сям’я. Дзяўчынка пайшла ў першы клас”.

Звязваемся з Аляксандрам — мужам роднай сястры Канстанціна Сіманава. Мужчына працуе рабочым на заводзе. Апроч Даніяра і Аяны ў сям’і выхоўваецца 16-гадовая дачка і два пяцігадовыя хлопцы-блізняты.

“Малыя чакаюць, пытаюцца. Кажам, што тата на працы, ― распавядае Аляксандр. ― Косцевы дзеці вельмі спакойныя. У школу ходзяць, і ўрокі робяць самастойна, і мыюцца, спаць кладуцца. Увогуле без пытанняў. Гэта мае хлопцы-блізняты больш шораху наводзяць. Дзяржава нам грошы выдзяляе ― каля 3,5 мільёнаў. У гэтым плане ўсё нармальна, хоць нейкая падтрымка. Жонка, канеше, працаваць перастала. Жывем на маю зарплату і на дапамогу. Дапамагаюць і сваякі”. 

Нягледзячы на дзевяць гадоў пазбаўлення волі за жартаўлівае SMS пра бомбу, “Згвалтаванне”, “Секс з малалетняй” і “Дэманстрацыю парнаграфіі”, SMS-мінёр і пацярпелая Ксенія Г. пяшчотна развіталіся.  Дзяўчынка і яе маці не пабаяліся паказацца перад аб’ектывамі фотакамер. Яны публічна не пагадзіліся з прысудам і адмовілі факт, што Ксенія ў 15-гадовым узросце мела сексуальныя зносіны з Сіманавым.

Усе падрабязнасці справы SMS-мінёра

Больш за тое, пасля абвяшчэння жорсткага прысуду Еўрарадыё даведалася з надзейных крыніц пра тое, што і на закрытым судзе дзяўчына ад ранейшых паказанняў адмовілася. Тое самае, спаслаўшыся на ціск, зрабіў і Сіманаў. Хоць з-за таго, што суд быў закрыты, Еўрарадыё не атрымала жалезных доказаў, якія пацвярджалі б гэтыя сцверджанні. 

Таму цікавімся ў сваяка SMS-мінёра, ці гутарыў ён з Ксеніяй падчас судовых пасяджэнняў і ў якіх яны стасунках.  

“Ды ў нармальных мы адносінах. З суда нават у адной машыне дадому вярталіся, ― сцвярджае Аляксандр. ― Няўзброеным позіркам было бачна, што на яе аказваецца ціск. Увогуле, нават словаў няма, гэта жах! Чалавека брудам аблілі і яшчэ дзевяць гадоў далі! Ніхто не паведаміў нават, што мы пагасілі ўжо ўсю выстаўленую фінансавую шкоду (каля 90 мільёнаў рублёў. ― Еўрарадыё)”.

Такім чынам, здарыўся не інакш як прававы цуд, які не пабачыш нават у кінастужках. Чалавек напісаў жартаўлівае SMS, ні пра якую бомбу нават не вялося гаворкі. Тэкст ўбачыла пільная студэнтка. У выніку жартаўніка затрымалі, далі дзевяць гадоў за “Заведама лжывае паведамленне пра небяспеку” і цяжкія злачынствы сексуальнага плану. Адзіная пацярпелая абвінавачванні абвяргае, а яе нават не слухаюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі