Суд не задаволіў пазоў экс-амбасадара Уладзіміра Астапенкі да МЗС
Суд Ленінскага раёна Мінска не задаволіў пазоў былога амбасадара ў Аргенціне Уладзіміра Астапенкі да Міністэрства замежных спраў. Экс-дыпламат хацеў змяніць фармулёўку, з якой яго звольнілі з ведамства. Аднак суддзя Вольга Шодар, як перадае Радыё "Свабода", прызнала прэтэнзіі Астапенкі неабгрунтаванымі.
Астапенка падчас перабывання на пасадзе амбасадара Беларусі ў Аргенціне падаў дзве заявы на звальненне — 23 верасня (у дзень таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі) і 27 кастрычніка. У апошняй заяве ён запатрабаваў звольніць яго ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства (артыкул 41 Працоўнага кодэкса) — так дыпламат ацаніў дзейнасць Лукашэнкі на працягу апошніх месяцаў.
Як распавядала Еўрарадыё, сам Астапенка на суд не з'явіўся, бо знаходзіцца ў Варшаве. Яго інтарэсы прадстаўляў адвакат Сяргей Зікрацкі. Абаронца прапанаваў арганізаваць выступ Астапенкі праз відэасувязь, але суддзя заявіла, што ў суда няма такой тэхнічнай магчымасці. На суд не з'явіліся прадстаўнікі МЗС, але гэта таксама не перашкодзіла суддзі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.