Супраць Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка распачалі новую крымінальную справу
Сцяпан Пуціла / фота з сацсетак
Супраць стваральніка рэсурсу NEXTA Сцяпана Пуцілы і аднаго з удзельнікаў праекта Яна Рудзіка у Беларусі распачалі новую крымінальную справу. Іх абвінавачваюць у арганізацыі і кіраўніцтве дзейнасцю тэрарыстычнай арганізацыі (ч.1 арт. 290-5 КК РБ). Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Следчы камітэт Беларусі.
"Вышэйназваныя тэрарысты неаднаразова заклікалі да распальвання сацыяльнай варожасці і розні, блакавання дарог і каардынацыі вулічных беспарадкаў, здзяйснення тэрактаў на чыгунцы і дыверсій на прадпрыемствах, якія маглі прывесці да тэхнагенных катастроф", — заявілі ў СК.
Нагадаем, рэсурс NEXTA, а таксама NEXTA Live і LUXTA былі прызнаныя ў Беларусі спачатку экстрэмісцкім фарміраваннем, а затым і тэрарыстычнай арганізацыяй. З красавіка 2022 года яе дзейнасць на тэрыторыі Беларусі забароненая.
Раней супраць Сцяпана Пуцілы ў Беларусі ўжо было распачата некалькі крымінальных спраў. Яшчэ ў 2020 годзе яму выставілі абвінавачванні ў здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці ( ч.3 арт.130 КК РБ), а таксама ў арганізацыі масавых беспарадкаў (арт. 293 КК РБ) і ў арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 ).
Беларуская пракуратура звярталася да калег з Польшчы з просьбай выдаць Пуцілу. Аднак атрымала адмову.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.