Супрацоўніцу “Белтэлекаму” пакаралі за няведанне беларускай мовы
Аператарка інфалініі 130 не ведала, што такое “абсталяванне” і запатрабавала ад кліента размаўляць з ёй па-руску.
За адмову абслужыць беларускамоўнага кліента яе прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці. Інцыдэнт здарыўся 12 жніўня. Карэспандэнт “Нашай Нівы” Ягор Марціновіч звярнуўся па прыватных пытаннях у кансультацыю па паслугах “Белтэлекама” (інфалінія 130). На ягоны званок адказала спецыялістка кол-цэнтра Вікторыя Кобрусева.
Зразумець, што такое “абсталяванне”, супрацоўніца не змагла і… запатрабавала размаўляць з ёй на рускай мове. Сваю пазіцыю яна патлумачыла тым, што руская мова — дзяржаўная. Замест падначаленай даваць кансультацыю давялося яе начальніцы — тая беларускай мовай валодала.
На наступны дзень Ягор Марціновіч звярнуўся ў “Белтэлекам” з пісьмовай прэтэнзіяй. У лісце на імя генеральнага дырэктара Сяргея Папкова ён папрасіў прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці Вікторыю Кобрусеву, давесці да супрацоўнікаў правілы абслугоўвання на мове зварота кліента, а таксама выпрацаваць для спецыялістаў беларускамоўны слоўнік тэрмінаў.
Праз месяц ад “Белтэлекама” прыйшоў адказ за подпісам Дзмітрыя Дарошкі, галоўнага інжынера філіяла Мінскай гарадской тэлефоннай сеткі (туды прэтэнзія была перанакіраваная для разгляду).
Згодна з ім, супрацоўніцу інфалініі Вікторыю Кобрусеву вырашана прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці на падставе закона “Аб мовах”: кіраўнікі, іншыя работнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб’ёме, неабходным для выканання імі сваіх службовых абавязкаў.
Праўда, спагнанне абранае мінімальна магчымым — яна атрымала заўвагу.
Апроч таго, кіраўніцтва растлумачыла супрацоўнікам службы 130, што ім неабходна абслугоўваць кліентаў на мове іх зварота, а таксама “павышаць свой слоўнікавы запас нацыянальнай мовы”.
А вось спецыяльны слоўнік вырашана пакуль не ствараць. “Белтэлекам” запэўнівае, што “адукацыя спецыялістаў дазваляе ім у поўным аб’ёме выкарыстоўваць нацыянальную мову”.