“Сваякі Даната маўчалі, бо баяліся нашкодзіць пацярпелай настаўніцы”
“Вы б вярнуліся працаваць у тое месца, дзе вас забівалі?” — задаюць нечаканае пытанне бацькі аднакласнікаў Даната, якога абвінавачваюць у замаху на забойства настаўніцы рускай мовы мінскай гімназіі №74. У дзень, калі пачаўся суд над хлопцам, мы сустракаемся з імі ў кавярні. "Як чалавек у цяжкім псіхічным стане пасля такога можа выйсці на працу ў той жа клас, дзе гэта здарылася?”
Аднакласнікі гімназіста і іх бацькі рыхтуюцца да паходу ў суд — іх будуць выклікаць на паседжанні ў якасці сведак. У тое, што на настаўніцу напаў сябар іх дзяцей, тым больш з-за адзнак, яны не хочуць верыць. Калі і дапускаюць, што следчыя маюць рацыю, лічаць, што хлопец не мог дзейнічаць у свядомым стане, маўляў, гэта было накопленае гадамі пачуцце пратэсту:
“Няхай суд высвятляе, але, калі ласка, знайдзіце прычыну. Адзнака? Яна неістотная, асабліва ў наш час, калі ёсць платнае навучанне. Не паступіць бясплатна — пойдзе платна. Гэта не праблема. ЦТ? Цяпер і з тройкамі паступаюць. Калі ў дзіцяці 8, калі ён уваходзіць у 10-ку лепшых, пра якую адзнаку ідзе гаворка? Гэта не матыў! А вось калі настаўніца давяла 15-гадовага падлетка да такога, то прыбярыце гэтага настаўніка са школы”.
Праблемы з Валянцінай Уладзіміраўнай у дзяцей былі заўсёды, кажуць бацькі. Дзеці яе панічна баяліся. Цягам апошніх гадоў (вяла клас Даната чатыры гады, апошнія два гады ― ужо будучы пенсіянеркай) чакалі, што яна пойдзе на пенсію. Пра ўзаемаадносіны настаўніцы з дзецьмі пастаянна казалася на бацькоўскіх сходах, але да дырэктара не дайшлі:
“Нас стрымлівалі настаўнікі. Ведаеце, што такое дэбільная беларуская талерантнасць? Замяніць няма кім. Вы наскардзіцеся, а каго паставяць? Хто будзе працаваць? Нагрузка на год размеркаваная. І мы чакалі. У апошні час дзецям не падабалася з намі размаўляць пра ўрокі рускай. Яны сыходзілі ад размоваў. Яны замыкаліся: адбыць урок, і ўсё. Нядаўна дачка, абсалютна неэмацыйны чалавек, заплакала, калі мы ўзгадалі гэтую тэму і ўрокі”.
Дырэктара характарызуюць як някепскага адміністратара, для якога галоўнае — статыстыка, рэйтынгі школы і перамогі ў алімпіядах, але не дзеці.
Усе дзевяць месяцаў бацькі трымалі сувязь з роднымі Даната, якія адмаўляліся ад любых кантактаў з прэсай.
“Так, бацькі маўчалі. Яны крайне інтэлігентныя людзі і лічылі, што калі стануць гаварыць, гэта будзе некарэктна ў дачыненні да пацярпелай Валянціны Уладзіміраўны! Да таго ж, яны баяліся нашкодзіць сыну. Яны казалі, што следства разбярэцца, маўляў, там жа граматныя і справядлівыя людзі! Мы зліліся на іх. Але гэта не значыць, што яны не дзейнічаюць!”
Нашы суразмоўцы валодаюць некаторымі падрабязнасцямі справы. Кажуць пра шмат нестыковак.
“Данат сказаў, што ён не памятае, каб напаў на настаўніцу. Следства палічыла, што ён такім чынам не ідзе на кантакт. Вы лічыце, 15-гадовы хлопец будзе маўчаць 9 месяцаў? Чалавек, які, дапусцім, здзейсніў напад, спакойна ідзе на фізкультуру? Рукі не трасуцца? Ён прайшоў англійскую разведку МІ-8, каб вось так спакойна ўдарыць чалавека і сысці? Тое, чым паранілі Валянціну Уладзіміраўну, не знойдзенае. Кропляў крыві на кашулі (ён быў у чырвонай кашулі), нейкіх вільготных плямаў пры першым аглядзе бацькам і маці заўважана не было. Калі мама з Данатам зайшлі ў кабінет, у якім было шмат крыві, ім не далі нават бахілаў. Нават на маці была кроў! Бацькі адразу пісалі хадайніцтва, каб апратэставаць вынікі экспертыз, бо яны браліся некарэктна. Куды яны толькі ні пісалі. Скаргі, звароты… На многія іх лісты пракуратура нават не адказвала”.
Данату не дазволілі здаць экзамены за 9 клас з-за нестыковак у заканадаўстве. Хаця, як сцвярджаюць нашы субяседнікі, настаўнікі гатовыя былі ехаць у СІЗА і прымаць экзамены ў хлопца. Сама Валянціна Уладзіміраўна (яна і яе родныя катэгарычна адмовіліся ад стасункаў з прэсай) змяніла тактыку вядзення ўрокаў: цяпер урок праходзіць на пазітыве і з гумарам.
“Гэта трагедыя. Мы ж не першыя. Дзесяцігоддзі пакутавалі дзеці. Дзіўна, што грамадства займае пазіцыю абвінавачвання. Атрымліваецца, што нашы дзеці не могуць сябе абараніць? То бок, яны могуць быць абароненыя толькі калі іх заб'юць, згвалцяць, калі адбудзецца трагедыя? Ці не баімся мы, што Данат мог напасці на нашых дзяцей? Не бачым яго ў гэтай ролі. Ён быў самым спакойным хлопцам у класе”.
Бацькі звяртаюць увагу на працу следчых з дзецьмі, якія хадзілі на допыты:
“Дзеці ўсе казалі завучаную фразу: “Яна строгая, але справядлівая”. Гэта стала цяпер нашым слоганам. Следчы як пад капірку пісаў гэта. Калі дзеці хацелі нешта сваё сказаць, ён супраціўляўся. Агульныя аднолькавыя фразы, незалежна ад меркавання дзіцяці”.
Маці 9 месяцаў не бачыла Даната. Цяпер, кажуць суразмоўцы, ёй стала лягчэй.