Святлана разбіла сваё аўто, думаючы, што яго канфіскуюць на мытні

У машыне знайшлі схованку з таварам на 2 мільёны рублёў Жыхарка Брэста Святлана на вачах мужа, маці і супрацоўнікаў мытні разбіла ўласную машыну, баючыся, што яе канфіскуюць. Каб супакоіць брэстчанку з гаечным ключом і вогнетушыцелем у руках, нават выклікалі нарад міліцыі, кажа прэс-сакратар Брэсцкай мытні Сяргей Малеў.

Сяргей Малеў: “Яе паводзіны ў публічным месцы выклікалі неразуменне супрацоўнікаў мытні ды іншых служб, якія ажыццяўляюць дзяржаўны кантроль на мяжы. Выклікалі нарад міліцыі, яны складалі нейкі пратакол”.



Цікава, што Святлану на "Варшаўскім масце" ведаюць у твар — яна замужам за польскім грамадзянінам і вельмі часта перасякае мяжу. Чаму ў гэты раз мытнікі засумняваліся — невядома. Раней нічога падазронага з гэтай жанчынай не было. Зараз жа ў аўто знайшлі 15 купальнікаў, 6 жаночых сумак, кофтачкі ды спадніцы, схаваныя ў пакетах ад памперсаў. Кошт тавараў ацанілі на 1,5 млн рублёў. Пасля паглыбленага агляду выкрылі яшчэ схованку пад колам. Там была вопратка на 380 тысяч рублёў. Паводле слоў мытніка, гэта цягнула на адміністратыўнае парушэнне:

Сяргей Малеў:
“Дзеянні брэстчанкі кваліфікавалі як спробу перамяшчэння тавараў з укрыццём ад мытнага кантролю. Быў складзены адміністратыўны пратакол”.

Штраф — ад 30 да 50 базавых велічынь — гэта амаль кошт кантрабанднага тавару. Але суд можа нават разбіты аўтамабіль канфіскаваць. Калі машыну аддадуць дзяржаве, то яе выставяць на продаж. Аднак, як кажа сам мытнік, вельмі часта суд вырашае вярнуць маёмасць яе ўладальніку:

Сяргей Малеў: “Судовая практыка, ведаеце, бывае і такая, што тавар даволі часта вяртаюць".

У Смаргонскім памежным атрадзе Еўрарадыё згадалі, што машыну могуць канфіскаваць з-за трох блокаў цыгарэт.   

Смаргонскі памежны атрад
: “З-за трох блокаў канфіскоўвалі машыны, якія каштуюць па пяць-шэсць тысячаў долараў ЗША. У гэтым годзе такое здаралася не аднойчы”.

Памежнікі сцвярджаюць, што на такія жорсткія санкцыі могуць пайсці толькі калі знойдуць у машыне спецыяльную схованку:

“Калі цыгарэты будуць без акцызнай маркі. Калі яны не будуць схаваныя, а проста будуць валяцца на сядзенні — у межах пяці-дзесяці блокаў — у вас забяруць цыгарэты і ўсё, — працягвае распавядаць супрацоўнік Смаргонскага памежнага атрада. — Калі ж толькі цыгарэты будуць схаваныя, схованка зробленая ці яшчэ што — машыну могуць канфіскаваць”.

Як даведалася Еўрарадыё, раней уласных аўтамабіляў на вачах мытнікаў “Варшаўскага маста” ніхто не разбіваў. На мытні Брэсцкага чыгуначнага вакзалу нам прыгадалі выпадкі, калі парушальнікі выпівалі ці знішчалі дробязі, каб не дасталося дзяржаве.

Супрацоўнік мытнай службы брэсцкага вакзала
: “Я, канечне, нядаўна на гэтым пераходзе, але такія выпадкі здараюцца ў прынцыпе. Чаму не?”.

Фота — vb.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі