Сярэдні конкурс у Ліцэй БДУ ўпаў у паўтара разу
Ліцэй БДУ
Сярэдні конкурс у Ліцэй БДУ сёлета ў параўнанні з леташнім скараціўся больш чым у паўтара разу, на гэта звярнула ўвагу "Наша Ніва". Дакументы ў ліцэй падавалі 1133 чалавекі, а ліцэістамі зрабіліся 264 абітурыенты. Такім чынам, у сярэднім на месца прэтэндавалі 4,3 чалавека.
Летась сярэдні конкурс быў 7 чалавек.
Самай вялікай папулярнасцю другі год запар карыстаецца грамадазнаўчы профіль. Паўпрахадны бал тут склаў 103. На другім месцы філалагічны (96,75), на трэцім — гісторыка-грамадазнаўчы профіль (95,5). Усяго ў ліцэі студэнты навучаюцца на 12 профілях.
Нагадаем, у чэрвені ліцэю БДУ надалі імя Фелікса Дзяржынскага. Паведамлялася, што гэта было зроблена на просьбу супрацоўнікаў навучальнай установы. Але, як стала вядома Еўрарадыё, выкладчыкі падпісвалі гэты зварот пад прымусам. Ідэя надаць імя Дзяржынскага ліцэю ўзнікла пасля прызначэння на пасаду дырэктаркі Таццяны Мамчыц. Раней яна працавала начальніцай вучэбна-метадычнай часткі ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.