Сяргей Чалы: Улады Беларусі пагодзяцца на ўмовы МВФ

19 траўня стала вядома, што Міжнародны валютны фонд заклікаў улады Беларусі "прыняць і рашуча рэалізаваць смелую праграму рэформаў" для павышэння ролі рынку ў эканоміцы Беларусі, павелічэння прадукцыйнасці і канкурэнтаздольнасці і забеспячэння ўстойлівага росту. Паводле меркавання МВФ, праграма рэформаў павінна ўключаць лібералізацыю цэнаў, меры для вываду тарыфаў на паслугі прадпрыемстваў камунальнай гаспадаркі і транспарту на ўзровень поўнага пакрыцця затрат. Больш падрабязна пра гэта гл. тут.

Кіраўніцтва фонду дало зразумець афіцыйнаму Мінску, што падтрымка рэсурсамі фонду будзе магчымая толькі ў тым выпадку, калі на самым выскім узроўні ў Беларусі будзе "цвёрдая прыхільнасць" да "глыбокіх структурных рэформаў". Эканаміст Сяргей Чалы перакананы, што ўлады Беларусі прымуць умовы Міжнароднага валютнага фонду. На думку эксперта, неабходнасць правядзення пералічаных рэформаў была відавочная яшчэ пасля крызісу 2011 года, які і з’яўляўся сістэмным крызісам старой эканамічнай мадэлі, пры якой тэмпы эканамічнага росту не перавышалі 1-2%.

Вось што заявіў у каментары Еўрарадыё Сяргей Чалы:

“Адсутнасць рэформаў азначае, што мы асуджаны на дробныя, блізкія да нуля адсоткі тэмпаў эканамічнага росту, адпаведна адсутнасць росту даходаў насельніцтва і паступовую дэградацыю прамысловага комплексу — тое, што мы акураць цяпер і назіраем. І чым даўжэй мы будзем цягнуць, натуральна, тым горш будзе далей. А гэтая праграма акурат і ёсць надзеяй на тое, што можна атрымаць нейкія новыя крыніцы росту”.

Сяргей Чалы адзначае, што кожны год, калі прыязджаюць міжнародныя спецыялісты МВФ, яны адкрыта кажуць, што ў іх ужо даўно няма спрэчак наконт стану беларускай эканомікі і што трэба, каб ёй дапамагчы. “То бок усё ўпіраецца выключна ў палітычную волю. А гледзячы па апошніх падзеях, яна паступова спее”, — дадае эканаміст.

У якасці пацвярджэння сваім словам Сяргей Чалы называе візіт у Беларусь намесніка выканаўчага дырэктара МВФ Мін Джу, які запланаваны на 29 траўня. Такая высокая асоба не паедзе вырашаць дробныя пытанні, кажа эканаміст. А адпаведна Беларусь чакаюць сур’ёзныя рэформы і большая ды даўжэйшая за папярэднюю фінансавая праграма падтрымкі ад Міжнароднага валютнага фонду.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі