Сястры Васіля Быкава зрабілі аперацыю ў Мінску (Фота)

Валянціна Ўладзіміраўна страціла зрок на адное вока і пачала дрэнна бачыць другім. Сталічныя медыкі паспяхова прааперавалі сястру выбітнага пісьменніка Валянціна Уладзіміраўна Быкава, сястра народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, у мінулым годзе страціла зрок на адно вока. А нядаўна пачала адчуваць, што і на другім зрок пагаршаецца. Даўняя сяброўка Валянціны Ўладзіміраўны, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка дамовілася з медыкамі мінскай лякарні №3 наконт аперацыі для Валянціны Быкавай. Аперацыя прайшла паспяхова, Валянціна Уладзіміраўна адразу адчула паляпшэнне, зрок на ацалелым воку стаў вастрэйшы. Цяпер сястра Васіля Быкава ўжо вярнулася дадому, у вёску Ваўчо Вушацкага раёна. Па тэлефоне яна апавяла дэталі аперацыі.

Валянціна Быкава: Харошая такая аперацыя, не цяжкая, лёгкая. І так безбалюча было… Хвілін мо 40 ішла, два лекары маску на мяне надзелі і ўсё стаялі, нешта рабілі. Нешта каля вачэй ціскалі, укол далі ў руку, у вочы закапалі зверху нейкія лекі…
Еўрарадыё:
Скажыце, лепш вам стала пасля аперацыі?
Валянціна Быкава: Так, многа лепей!..

Валянціна Уладзіміраўна цешыцца, што да яе вельмі добра паставіліся медыкі. Яна пажадала выказаць ім падзяку праз Еўрарадыё.

Валянціна Быкава:
Лекары харошыя, і медсёстры… А ўрач якая харошая – Валерыя Іванаўна Навуменка, гэта дачка пісьменніка Навуменкі. Яна ўвесь час мяне вадзіла і прыводзіла мяне ў кабінет, дзе абследуюць. І да мяне ў палату прыходзіла, размаўляла са мной, пра брата распытвала, і гасцінцы мне прыносіла…

Дапамогу ў гэтай сітуацыі Валянціне Быкавай аказаў таксама Аляксандр Мілінкевіч. Ягоны “Рух за свабоду” імкнецца ўшаноўваць памяць Васіля Быкава – штогод Рух уручае прэмію імя Быкава. Валянціна Уладзіміраўна з непрыхаванай прыемнасцю хваліцца, што машыну на даезд да Мінску і абратна ёй прыслаў “сам Мілінкевіч”.

Валянціна Быкава:
Адправілі мяне дамоў, дык сам Мілінкевіч машыну сваю прыслаў. І шафёр харошы, з ягонай арганізацыі. Як ехалі па Мінску, дык увесь Мінск мне паказваў, расказваў. А тады як ехалі дамоў, дык і ў Хатынь мяне завёз, дык мы там усю Хатынь паглядзелі.

Сястра Васіля Быкава Валянціна Уладзіміраўна апавядала дэталі аперацыі на вока, якая была зробленая ёй у Мінску.



Валянціна Быкава неверагодна падобная да свайго славутага брата Васіля



У Бычках -- каля хаты, дзе яны з Васілём нарадзіліся



Нягледзячы на праблемы, Валянціна Уладзіміраўна стараецца не губляць аптымізму



З сябрам і суседам па Вушачах Рыгорам Барадуліным



Валянціна Быкава -- чалавек, які памятае Васіля Быкава даўжэй за ўсіх на зямлі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі