Сын Кадырава збіў у СІЗА мужчыну, якога абвінавачваюць у спаленні Карана
Адам Кадыраў(справа) са сваяком дэпутатам Дзярждумы Адамам Дэлімханавым
Пятнаццацігадовы сын кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава Адам збіў у СІЗА 19-гадовага фігуранта справы аб спаленні Карана Мікіту Журавеля. Кадыраў-старэйшы апублікаваў у сябе ў тэлеграм-канале відэазапіс і напісаў, што ганарыцца ўчынкам Адама.
На відэа малады чалавек у вопратцы колеру хакі б'е арыштаванага нагамі і рукамі, валіць яго на падлогу. Абвінавачаны хаваецца ад удараў рукамі. Сябра Савета правоў чалавека пры прэзідэнце РФ Ева Меркачова заявіла, што накіруе запыт у праваахоўныя органы. Паводле яе, ёсць відэадоказ злачынства, асоба чалавека, які здзяйсняе злачынства. "Лічу, што следства павінна адпаведныя меры прыняць", — заявіла яна тэлеграм-каналу Ксеніі Сабчак.
Сама Сабчак паведаміла позна ўвечары ў панядзелак, што пасля публікацый на гэтую тэму ёй патэлефанаваў Рамзан Кадыраў. Размова доўжылася каля 40 хвілін. Журналістка прыводзіць фрагмент дыялогу:
— Чаму ты чапаеш маю сям'ю?
— Я не чапала.
— Чаму ты чапаеш майго сына?
— Ну вы ж самі выклалі відэа да сябе ў канал, і напісалі, што ганарыцеся, навошта вы гэта выклалі і напісалі?
— Я не хачу гэта хаваць, няма ніякага сэнсу гэта хаваць.
— А вы яго пакаралі пасля гэтага?
— Не, ён малайчына, ён павёў сябе як сапраўдны мужчына.
Сабчак адзначыла, што сваю рэдакцыю з Расіі пакуль вывозіць не будзе, але "замежпаспарты ўсё падрыхтавалі".
Адзначым, што Мікіту Журавеля затрымалі ў траўні 2023 года па справе аб спаленні Карана ля саборнай мячэці ў Валгаградзе. Крыху раней у сацсетках пачалі распаўсюджвацца кадры спалення. Са слоў СК, хлопец прызнаўся ў зробленым. Аднак у жніўні ён звярнуўся з СІЗА горада Грознага да ўпаўнаважанага па правах чалавека Таццяны Маскальковай і заявіў, што яго збіў сын Кадырава. Маскалькова папрасіла амбудсмена па правах чалавека ў Чачні правесці праверку гэтай сітуацыі. І вось з'явілася відэа самога інцыдэнту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.