У Расіі маладых беларусаў за дыверсію на чыгунцы асудзілі на 12 гадоў калоніі

Кірыл Басько і Арцём Брэскі

Кірыл Басько і Арцём Брэскі / t.me/mediazona_exclusive/

У Расіі грамадзян Беларусі Кірыла Басько і Арцёма Брэскага за дыверсію на чыгунцы асудзілі на 12 гадоў калоніі строгага рэжыму кожнага. Маскоўскі абласны суд абавязаў іх таксама выплаціць па іску Расійскай чыгункі 2 млн 874 тысячы расійскіх рублёў (амаль 30 тысяч долараў) шкоды, паведамляе "Медыязона".

Басько і Брэскі знаходзяцца за кратамі са снежня 2022 года. Тады ім было па 18 гадоў.

Дыверсія адбылася ў канцы 2022-га на тэрыторыі дэпо Арэхава-Зуева ў Падмаскоўі. За абяцанае ўзнагароджванне грамадзяне Беларусі падпалілі электравоз. Праз пяць дзён іх затрымалі. Спачатку арыштавалі па артыкуле аб "наўмысным пашкоджанні маёмасці", але пасля абвінавачванне перакваліфікавалі на артыкул аб "дыверсіі".

Па версіі ФСБ, беларусы планавалі новыя акцыі. Кірыл Басько і Арцём Брэскі ў судзе прызналі, што падпалілі электравоз, але адмовіліся ад паказанняў, якія далі на стадыі следства (пра тое, што планаваліся і іншыя дыверсіі). Басько сказаў у судзе, што першыя паказанні падпісаў, калі яго збівалі ў паліцыі і пагражалі надзець пакет на галаву. Абодва падсудных прасілі перакваліфікаваць справу па артыкуле аб "пашкоджанні маёмасці", настойваючы, што не падазравалі, хто такі "Юрый" — замоўца (ФСБ лічыць, што гэта супрацоўнік украінскіх спецслужбаў, але доказаў не прадставіла).

У Расію хлопцы прыехалі на заробкі, уладкаваліся на склад Ozon, але праз месяц былі звольнены. Далей яны і знайшлі аб'яву ў інтэрнэце з прапановай зарабіць. Яе аўтар прадставіўся "блогерам-пранкерам". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі