Сёлета 500 помнікаў беларускага дойлідства — пад кансервацыю і рэстаўрацыю

Сёлета каля 500 помнікаў айчыннай архітэктуры будуць падвергнутыя кансервацыі і рэстаўрацыі. Пра гэта агенцтву БЕЛАПАН паведаміў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі. Па ягоных словах, працягнецца ўзнаўленне такіх важных аб'ектаў, як Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс XVI—XVIII стагоддзяў (Мінская вобласць) і Мірскі замак пачатку XVI стагоддзя (Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). Таксама будуць працягвацца ўзнаўленне палаца сярэдзіны XIX стагоддзі ў горадзе Косава Івацэвіцкага раёна Брэстчыны і царквы-крэпасці канца XV — пачатку XVI стагоддзяў у вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна Гродзеншчыны.

Сёлета будуць працягвацца працы па рэстаўрацыі жывапісу XII стагоддзя ў Спаса-Ефрасіннеўскай царкве сярэдзіны XII стагоддзі Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Будзе падрыхтаваны праект рэстаўрацыі помніка архітэктуры класіцызму 1830-х гадоў палаца Булгакоў у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўшчыны. Запланаваныя рамонтна-аднаўленчыя працы ў інтэр'ерах і на фасадах Барысаўскага Васкрасенскага сабора (Міншчына) — помніка дойлідства псеўдарускага стылю канца XIX стагоддзя.

Па словах Чарняўскага, вылучаныя сродкі на ўзнаўленне помніка архітэктуры барока XVII стагоддзя Свята-Васкрасенскага сабора ў Клецку (Мінская вобласць) — былога Дабравешчанскага касцёла пры кляштары дамініканцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі