Сёлета адбудзецца апошняя "Рок-каранацыя"

У наступным годзе слова "рок" у назве не будзе. Пра гэта, а таксама пра іншыя цікавыя акалічнасці, звязаныя з беларускай музыкай, у інтэрв'ю Еўрарадыё распавёў адзін з арганізатараў мерапрыемства Павел Кашырын.
ЕРБ: Паша, звычайна ў Рок-каранацыі ты ўдзельнічаў як прадстаўнік журы, а ў гэтым годзе ты вырашыў заняцца непасрэдна арганізацыяй імпрэзы…

Павал Кашырын (П.К.):
Усё вельмі проста: мне патэлефанаваў айцец-заснавальнік Рок-каранацыі Юры Цыбін і прапанаваў стаць ягоным бліжэйшым памочнікам, правай рукой. Я згадзіўся. Цікава ўсё ж такі.

ЕРБ: Стаць суарганізатарам – значыць прынесці свае ідэі ў справу. Раскажы, калі ласка, пра свае ідэі, што знойдуць рэалізацыю ў сёлетняй Каранацыі…

П.К.:  Рок-каранацыя – складаная машына. Адна справа яе лаяць, гледзячы збоку, а іншая –  непасрэдна самому браць удзел і ўсё рабіць для таго, каб не паўтараць мінулагодніх памылак. Таму супер-свежых ідэй я не прапанаваў. Супер-свежая ідэя, вядома, належыць Цыбіну. Калі ён мне патэлефанаваў і сказаў, што Рок-каранацыя адбудзецца ў Маладзечне (я быў у цешчы і з прасоння не зразумеў, у чым справа), мяне напаткаў лёгкі шок.  Аднак ён мне ўсё растлумачыў, і я зразумеў, што так, гэта ўсё цікава і прыкольна.

ЕРБ: Паша, ці няма перасцярогі правалу Рок-каранацыі з-за Маладзечна? Табе не здаецца абсурдам тое, што стары, важны глядач Рок-каранацыі папрэцца кудысьці за 70 км замест таго, каб традыцыйна папіць піва ў бары “Казы” у антракце імпрэзы?

П.К.:  Я ж кажу, што ў першы момант гэта здалося і мне абсурдам, таму я спытаў што, дзе і як, і Цыбін мне ўсё нармальна растлумачыў.

ЕРБ: Раскажы нам пра гэта…

П.К.: Па-першае, наколькі я разумею, існуе даўняе сяброўства паміж ім і Маладзечанскім ДК. Цыбін знаходзіцца ў добрых стасунках з яго адміністрацыяй.  Па-другое, у яго было даўняе жаданне прыбраць “Рок-каранацыю” з Мінска, з КЗ “Мінск”, які ўсім надакучыў. Цыбін хацеў, каб Каранацыя і закранала правінцыю, і была недалёка ад Мінска. Тым больш, у Маладзечне  існуе выдатны аркестр Маладзечанскага музычнага вучылішча, у якім некалі вучыўся знакаміты Юры Антонаў. Таму Цыбін узважыў усе “за” і “супраць”. Ён жа прымаў гэтае рашэнне не калегіяльна, а сам. У Маладзечне добрая зала… Гэта свайго роду эксперымент…



ЕРБ: Паша, а табе не здаецца, што на працягу апошніх гадоў Рок-каранацыя губляла свой аўтарытэт, і вось спроба збегчы з Мінску – гэта спроба пазбегнуць чарговага рэзанансу пра хібы імпрэзы?

П.К.: А рэч у тым, што “Оскар” таксама губляе сваю папулярнасць і актуальнасць. Я проста скажу філасофскі выраз такі, адзін чалавек сказаў:  чым больш я жыву ў гэтым свеце, у гэтым жыцці, тым менш я пачынаю разумець, што такое жыццё і што ўвогуле адбываецца. Я не магу насамрэч часам зразумець тыя ці іншыя рухі цела, рашэнні людзей. Спачатку я не разумеў, а цяпер мне здаецца, што няхай будзе эксперымент, тым больш, наколькі я разумею, прыстаўка “рок” гучыць сёлета апошні раз. То бок, словазлучэння “Рок-каранацыя” больш не будзе.

ЕРБ: Пачакай. Здаецца, нядаўна адбыўся круглы стол на TUT.BY наконт Рок-каранацыі. Як аказалася, “Рок-каранацыя” – гэта запатэнтаваны брэнд, і Цыбін абяцаў і надалей карыстацца гэтым брэндам…

П.К.:
Каму ён абяцаў?

ЕРБ: Мабыць, усім, хто прысутнічаў…

П.К.: Я не ведаю, што тён там і каму абяцаў, за яго словы я адказваць не буду. Аднак, наколькі я памятаю, мы гаварылі, што выраз “Рок-каранацыя” —  у плане, што слова “рок” сябе даўным-даўно выжыла — стаў размытым. Была ўнесена прапанова, ці то мною, ці то яшчэ кімсьці, не выкарыстоўваць болей гэтае словазлучэнне, на што Цыбін пагадзіўся… Насамрэч нельга аддаваць “рок-карону” гурту, які ніколі рок не граў. Правільна? Гэта смешна! Мы калісьці прапаноўвалі зрабіць нешта кшталту “Грэмі”. Аднак мы не маем цяпер такіх магчымасцяў. Па-першае, гэта павінна быць усё маштабна, усё прыгожа, з вялікай фінансавай дапамогай. А калі ўсё збіраецца “па сусеках” ні пра якое вялікае шоў гаворкі быць не можа. Дзякуй людзям, якія дапамагаюць нам, падтрымліваюць. Да прыкладу, нядаўні “Оскар”: сказалі, што ўсё, “Оскар” сябе перажыў… Рок-каранацыю лаяць таксама даўным-даўно з той жа прычыны. Спрабуем прыносіць нейкія новыя формы. Вось, калі ласка, навіна. Паглядзім, што выйдзе з гэтага эксперымента з аркестрам. Так, сімфанічным аркестрам на сцэне з рок-музыкамі на сцэне ўжо нікога не здзівіш. Але ў рамках Рок-каранацыі гэта будзе не банальна.

ЕРБ: Паша, калі вярнуцца да таго, што прыстаўкі “рок” больш не будзе, атрымоўваецца , што “карону” можа атрымаць і поп-выканаўца?

П.К.: Пра гэта мы будзем гаварыць.  Маецца на ўвазе адзіны фестываль (няважна, як ён будзе называцца), дзе будуць прадстаўленыя ўсе жанры: і поп, і хіп-хоп, і heavy-metal, і R’N’B, якога няма, бо людзі, якія іграюць R’N’B, мабыць, нават не ведаюць, што R’N’B – гэта рытм энд блюз, а R’N’B – гэта ўвогуле незразумела што. Так ці інакш, паглядзім, як усё будзе выглядаць у наступным годзе, бо калі завяршаецца адна Рок-каранацыя, трэба адразу пачынаць рыхтавацца да наступнай, з заўтрашняга дня. Усё, што я магу, усё, што я ўмею, разумею, маючы невялікі досвед, усім гэтым я магу падзяліцца з Юрыем Цыбіным. Думаю, ён не проста так мяне запрасіў: па-першае, мы даўно знаёмыя, па-другое, ён бачыць, што ў мяне ёсць нейкія новыя думкі.

ЕРБ: У нейкім сэнсе з’явілася альтэрнатыва Рок-каранацыі ў выглядзе “Experty.by”, якія нядаўна ўручалі свае ўзнагароды. “Эксперты” маюць кожны свой рэйтынг, паводле якога вызначаюцца лепшыя альбомы года. Пераможцы ж Рок-каранацыі часам здзіўляюць…

П.К.: Пераможцаў вызначае журы… Я нават не ведаў пра існаванне “Experty.by”, толькі дзякуючы “Троіцы”, якія збіраліся на цырымонію ўручэння ўзнагарод,  даведаўся пра гэтую з’яву. Тыя людзі, якія там уручалі, якія там былі, выдатна ведаюць мяне, а я ведаю іх. Напэўна, гэта цікава. Аднак я нават гэтай думкаю падзяліўся са сваёй жонкай: можна рабіць “Experty.by”, іншыя сайты, нешта яшчэ альтэрнатыўнае. Пакуль самая галоўная музычная імпрэза краіны – Рок-каранацыя. Вядома, адзнакі экспертаў і музычных крытыкаў заслугоўваюць павагі і ўвагі, аднак я не думаю, што іх меркаванне моцна ўплывае на тое, што адбываецца ў музыцы. Яны таксама сабраліся, недзе пра нешта даведаліся…Мабыць яны хацелі супрацьпаставіць “Experty.by” Рок-каранацыі? Я не ведаю іх мэты і задачы…

ЕРБ: Іх мэта падобная да мэты Рок-каранацыі: папулярызацыя беларускай музыкі…

П.К.: А Рок-каранацыя не папулярызуе беларускую музыку…

ЕРБ: А што яна робіць?

П.К. Папулярызуюць беларускую музыку гуказапісвальныя кампаніі і крамы, якія яе прадаюць. Чаму яны папулярызуюць? Таму што тэлек круціць, радыё спявае, а крамы прадаюць. Трэба задаць пытанне Цыбіну: дзеля чаго ён стварыў Рок-каранацыю? Я не думаю, што ён скажа: “Для папулярызацыі беларускай музыкі”. Дзеля чаго ствараюцца “Грэмі” і “Оскары”? Каб напрыканцы года выявіць лепшых з лепшых у дадзенай краіне.



ЕРБ: Хто сёлета складае журы Рок-каранацыі?

П.К.: Журы складаецца з 12-ці чалавек: Цыбін, я, Уладзімір Пучынскі, Аляксандр Памідораў, Уладзімір Шаблінскі, Максім Жбанкоў і іншыя.

ЕРБ: Паводле якіх крытэраў адбіраліся ўдзельнікі Рок-каранацыі-2008? Ведаю, што, апроч намінантаў, бяруць удзел у канцэрце і гурты “ад балды”…

П.К.: “Ад балды” не будзе ніводнага гурта. Як адбываецца адбор гуртоў-намінантаў? Чалавек засвяціўся, выпусціў альбом, добры ці дрэнны… Прыдумайце нешта іншае! Ніхто ж не лічыць, колькі прададзена альбомаў, бо складана палічыць, што N.R.M. прадаў 1000 дыскаў, а “БезБилета» 985 дыскаў. Таму намінанты і адбіраліся згодна з выпускам альбомаў… Наконт гуртоў  “ад балды”… “Крама” – гэта адмыслова запрошаныя госці, бо “Крама” – гэта “Крама”. Маюцца на ўвазе гурты з перыферыі? Канечне, многія падумаюць, што запрасілі сваіх знаёмых. Аднак мы не можам абмінуць увагай гурты з іншых гарадоў, бо зноўку скажуць, што адбылася Рок-каранацыя горада Мінска. “Князь Чарадзей” – гэта гурт, які прывязе сюды Сяргей Анішчанка, вядомы чалавек, які заснаваў “Рок-Кола”. Будзе гурт “САДЪ” з Брэста.

ЕРБ: Я так разумею, ты надоўга падпісаўся ў арганізатары Рок-каранацыі?

П.К. Не маю паняцця. Па-першае, мне цікава, па-другое – досвед, па-трэцяе – новыя знаёмствы. Чаму б і не…Разумею, што будзе шмат стрэлаў у наш агарод.  Але мы стараемся, каб было зладжана, каб не было скаргаў ад музыкаў (недаглядзелі, недакармілі, недапесцілі), у гэтым годзе кожнае жаданне музыкаў будзе ўлічана. Мы таксама ўлічваем інтарэсы людзей, якія прыедуць да нас з іншых гарадоў, у прыватнасці з Мінска. Таму мы адмыслова пачынаем канцэрт а 18-й гадзіне, каб закончыць недзе калі 22-й, бо ў 22.25 адыходзіць апошняя электрычка на Мінск. Там ёсць адзіны гатэльчык, дзе можна і пераначаваць.

ЕРБ: Ці будуць арганізаваныя спецыяльныя аўтобусы для публікі?

П.К.: Не, такія аўтобусы будуць толькі для правозу музыкантаў і чальцоў журы.

ЕРБ: Дзе ў Мінску можна набыць білеты на імпрэзу?

П.К. Ад панядзелку яны прадаюцца толькі ў адным месцы – касе КЗ “Мінск”. Хочацца перадаць ім падзяку і прывітанне за тое, што пайшлі нам насустрач. Частка ж білетаў, вядома, прадаецца ў Маладзечне.

ЕРБ: У мінулым годзе галоўныя “кароны” абыйшлі гурт “Ляпис Трубецкой»…Спадзяюся, удзел “Ляпісаў” у “каранацыі” гарантаваны?

П.К. Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, з-за якіх ужо 2 гады запар “Ляпісы” запрашаюцца, аднак у апошні момант адмаўляюцца выступіць. Зараз усе “цёркі” паміж арганізатарамі Рок-каранацыі і “Ляпісамі” разруленыя, “Ляпісы” будуць выступаць…

ЕРБ: Такім чынам, Маладзечна, аркестр… Якія яшчэ сюрпрызы  чакаюць гледачоў?

П.К.:
“Ляпісы” і ёсць сюрпрыз, а таксама ўвесь эшалон беларускай музыкі, хіба апроч гурта N.R.M., які знаходзіцца ў Польшчы, і Вайцюшкевіча, які будзе ў гэты час ува Францыі… Карыстаючыся выпадкам, запрашаю ўсіх аматараў рок-музыкі на штогадовае ўручэнне прызоў Рок-каранацыя! 4-га сакавіка. 18.00. Маладзечанскі ДК.

Фота: www.borisov-e.info
http://lunniy-malchik.livejournal.com/807694.html
www.nestor.minsk.by


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі