Сёння ў Беларусь завязуць больш за 40 тысяч упаковак “Таміфлю”

Эфектыўныя супрацьвірусныя лекі з’явяцца ў аптэках у бліжэйшыя дні, але выкласці за іх давядзецца каля 360 тысяч рублёў.
“Таміфлю” неўзабаве патрапіць на паліцы беларускіх аптэк. Да 12 лістапада швейцарская кампанія паставіць у нашую краіну 40 тысяч упаковак гэтых лекаў,  даведаліся мы ад кіраўніка прадстаўніцтва швейцарскай фірмы “Roche” у Беларусі Алены Вавілавай:

Алена Вавілава: “Сёння паводле дакументаў на самалёт “Люфтганзы” грузіцца 30 тысяч упаковак, і заўтра павінна прыйсці яшчэ 10 тысяч. На заўтрашні дзень мы чакаем, што ў Беларусі будзе 43 тысячы ўпаковак “Таміфлю”, тады ўжо нейкая частка пойдзе ў аптэкі”.

Дагэтуль кампанія “Roche” ўжо зрабіла 2 маленькія пастаўкі. 7 лістапада ў Беларусь прыйшла тысяча ўпаковак, а 9 лістапада яшчэ 2 тысячы. Гэтымі прэпаратамі ўжо бясплатна лечаць хворых у шпіталях, запэўнілі нас у аптэцы Гарадской клінічнай бальніцы №2 Мінска.

Супрацоўніца аптэкі: “У клініцы лекі ёсць, і хворыя атрымліваюць “Таміфлю”. Гэта клініка, таму хворыя тут атрымліваюць усё бясплатна”.

У бліжэйшы час нашая краіна таксама павінна атрымаць партыю “Таміфлю” ад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Плануецца, што гэтая пастаўка будзе большая за швейцарскую. Аднак колькі будзе каштаваць “Таміфлю” у аптэках, пакуль невядома. Нават калі гэтыя лекі па-ранейшаму будуць каштаваць каля 120 тысяч рублёў, то за выздараўленне і так давядзецца заплаціць каля 360 тысяч, кажуць у сталічнай аптэцы №29. Для параўнання мінімальны заробак на сёння складае 230 тысяч рублёў.

Супрацоўніца аптэкі №29: “Тры упакоўкі трэба, там па 10 таблетак, а на курс трэба 3 упакоўкі. Хутчэй за ўсё, на ім ідзе выздараўленне”.

Атрымліваецца, што швейцарскай пастаўкі хапіла б, каб вылечыць больш за 14 тысяч чалавек. Аднак пакуль “Таміфлю” і іншых хадавых прэпаратаў не дакупішся, Міністэрства аховы здароўя раіць купляць іх заменнікі — маўляў, розніцы ніякай.

Аднак у мінскіх аптэках замест “Таміфлю” і “Арпетола” можна знайсці толькі дзіцячы “Анаферон” або “Ацылакокцынум”, даражэйшы за аналаг на 6 тысяч рублёў. А вось замест аксалінавай мазі можна купіць толькі звычайную вазелінавую без лекавага эфекту, паведамілі нам у сталічнай аптэцы №21:
 
Супрацоўніца аптэкі №21: “Бораментолам” проста мазаць. Гэтая мазь не мае супрацьвіруснага эфекту, але яна з ментолам, на вазеліне. Хаця б такую  магу прапанаваць”.

Ці прынясе такое лячэнне нейкі эфект, мы запыталі ў намесніцы галоўнага лекара па медыцынскай частцы 35-й Гарадской паліклінікі Мінска Тамары Кісцень. На яе думку, у гэтай сітуацыі значна больш карыснымі будуць народныя сродкі. Напрыклад, замест вазелінавай мазі можна мазаць нос алеем.

Тамара Кісцень: “Рэкамендуюць звычайным сланечнікавым алеем унутры прамазаць насавыя хады, потым выцерці насоўкай. Яго дзеянне захоўваецца 6-8 гадзін у хатніх умовах, усе мікробы туды асядуць. Можна гэта паўтараць перыядычна”.

Імунітэт таксама лепш падтрымліваць натуральнымі метадамі, раіць Тамара Кісцень. Трэба есці мёд, лімоны, цыбулю, часнык і грэцкія арэхі. Акрамя гэтага варта зрабіць прышчэпку. Тады можна не баяцца і наступных хваляў эпідэміі.

Фота: farm1.static.flickr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі