“Тарпеда-БелАЗ” узнялася на 4-е месца
Жодзінскі клуб “Тарпеда-БелАЗ” узняўся на 4-е месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі. 1 кастрычніка ў 24-м туры жодзінцы ў гасцях абыгралі бабруйскую “Белшыну” (3:1) і набралі 36 ачкоў. Ад бліжэйшага канкурэнта, мінскага “Дынама”, іх аддзяляюць толькі два ачкі.
Што да “Белшыны”, то яна з 21 ачком займае перадапошні радок у турнірнай табліцы і рызыкуе пакінуць вышэйшую лігу.
Таксама ў рамках 24-га тура згулялі мікашэвіцкі “Граніт” і наваполацкі “Нафтан”. Сустрэча скончылася перамогай “хімікаў”, таксама з лікам 3:1. Адметна, што наваполацкі клуб сёлета паказвае слабыя вынікі і на сёння з 19-цю ачкамі займае апошні радок у турнірнай табліцы. “Граніт” з 24 ачкамі стаіць на 13-м радку.
Нагадаем вынікі матчаў, якія прайшлі ў пятніцу, 30 верасня: “Нёман” — “Славія” — 3:1, “Крумкачы” — “Слуцк” — 0:3.
Заўтра, 2 кастрычніка, 24-ы тур завяршыцца гульнямі: “Мінск” — “Гарадзея”, “Віцебск” — “Дынама” (Мінск), БАТЭ — “Іслач”, “Дынама” (Брэст) — “Шахцёр”. Прычым ужо заўтра БАТЭ можа стаць чэмпіёнам, калі выйграе ў “Іслачы” і пры гэтым калі “Шахцёр” саступіць брэсцкаму “Дынама”.