Тэхнічны прагрэс толькі павялічвае бюракратыю

Нягледзячы на наяўнасць камп’ютараў, якія павінны былі б паскараць працу дзяржаўных устаноў, усе дадзеныя захоўваюцца ў папяровым і электронным варыянце. У ЖЭСе № 38 гэта робіцца дзеля бяспекі, у 9-й лякарні – з-за таго, што профільны міністр не адмяніў вядзенне журналаў, а ў бібліятэцы № 12 – дзеля зручнасці чытачоў. Еўрарадыё высвятляла, як у дзяржустановах выкарыстоўваюцца дасягненні тэхнічнага прагрэсу. ***
Абсалютна выпадкова мы даведаліся, што ў канцылярыі МЗС электронную пошту правяраюць усяго раз на тыдзень.

Канцылярыя МЗС: “Электронную пошту мы раз на тыдзень толькі адчыняем, бо ў нас няма такой магчымасці”.

У пашпартным стале сталічнага ЖЭСу № 38 усталяваныя 2 камп’ютары, на якіх працуюць 4 чалавекі, а ўся папяровая дакументацыя пераводзіцца ў электронны варыянт, аднак новыя дакументы ствараюцца і ў папяровым, і ў электронным варыянтах. Пашпартыстка ЖЭСу тлумачыць, што дадзеныя захоўваюцца пажыццёва.

Пашпартыстка: “Тое, што тычыцца захавання ўсіх дадзеных, яно пажыццёвае. Калі чалавеку трэба пацвердзіць нейкае грамадзянства ці штосьці яшчэ, гэтыя дакументы захоўваюцца. Таму раптам, збой якой-небудзь праграмы ў камп’ютары... Дакументы ў нас ідуць і ў камп’ютары, і на паперы”.

Пры гэтым ЖЭС не вядзе электронных архіваў. Інфармацыя толькі ўводзіцца ў камп’ютар, і ўсё. Дарэчы, уласнага праграміста ў ЖЭСаў таксама няма, прыходзіць праграміст са ЖРЭА.

У 9-й клінічнай лякарні ёсць уласны праграміст, які апроч тэхнічнага абслугоўвання камп’ютараў, вучыць імі карыстацца тых, хто не ўмее. Аднак з-за недастатковага тэхнічнага забеспячэння запісацца на прыём да доктара праз інтэрнэт нельга.

Прыёмная 9-й лякарні: “Не, праз інтэрнэт запісацца нельга. Але ў нас ёсць лакальная сетка, якая злучае прыёмнае аддзяленне з іншым, пакуль яшчэ не з усімі, аднак яна праводзіцца. Камп’ютары стаяць у рэгістратуры, і ў планавай, і ў экстранай, у загадчыка, у адміністрацыі амаль ва ўсіх камп’ютары: у бухгалтараў, эканамістаў...”

У шпіталі таксама дублююць інфармацыю: па-першае, электронная сістэма пакуль не настолькі добра адладжаная, каб адмовіцца ад картак і журналаў, а па-другое Міністэрства аховы здароўя іх не адмяняла.

Прыёмная: “Ну, гэты абавязак не здымаўся. Як была уведзеная Міністэрствам форма вядзення розных журналаў, як у прыёмнай,так і ў рэгістратуры, так яна і засталася, нягледзячы на тое, што гэта ўсё ўносіцца ў камп’ютарную базу”.

У мінскай бібліятэцы № 12 каталогі вядуцца таксама ў двух варыянтах, на картках і ў электронным выглядзе, але тлумачаць гэта не загадам, а тым, што, маўляў, ёсць чытачы, якім так зручней.

Бібліятэка № 12: “Ведаеце, загаду як такога няма. Ну, проста ёсць чытачы, якім зручней падысці да папяровых носьбітаў, ён падыдзе да скрыначкі, сядзе, праверыць... Да электроннага каталогу прыходзяць з канкрэтнай кнігай, якую хочуць паглядзець. Можа яна ёсць у нашай бібліятэцы ці іншых бібліятэках нашай сеткі”.

У бібліятэцы ёсць магчымасць пабачыць толькі спіс кніг, якія ёсць у іншых фондах, аднак, ці яна фізічна ў бібліятэцы альбо ў чытачоў, даведацца нельга. Таму, нават калі вы праз базу знойдзеце тое, што вам патрэбна ў іншай гарадской бібліятэцы – туды давядзецца ехаць і даведвацца.

У Нацыянальнай бібліятэцы актыўна ствараюцца рознага кшталту базы дадзеных, аднак доступ да іх ёсць толькі ў чытальнай залі. На сайце пакуль можна паглядзець толькі базу публікацый пра саму бібліятэку і агульны бібліятэчны каталог, а замовіць кніжкі ці дакументы з дому ўвогуле нельга.

Нацыянальная бібліятэка: "Вы можаце паглядзець імідж-каталог – гэта электронная версія генеральнага электроннага каталога. Аднак, рэалізаваць замову вы не можаце ў аддаленым доступе. У лакальным рэжыме замова робіцца непасрэдна з базы: калі вы зарэгістраваныя і маеце чытацкі білет, як звычайна робіцца замова".

На пошце камп’ютарная сістэма спраўна працуе: дадзеныя па падпісках перадаюцца электроннай поштай, дзейнічае сістэма адсочвання – схема, па якой праз электронныя рэестры на ўсіх этапах адсочваюцца і рэгіструюцца перасылкі. Камунальныя электронныя плацяжы даходзяць на наступны дзень, а папаўненне рахунку мабільнага тэлефона — максімум праз гадзіну.

Як распавёў Еўрарадыё сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, камп’ютар для іх незамяняльны, нават праца па дакументах вядзецца праз сетку.

Мікалай Лазавік: “Камп’ютар для нас з’яўляецца асноўным сябрам і памочнікам ва ўсіх справах. Па-першае, гэта асноўная крыніца бягучай інфармацыі, за выключэннем, канешне, афіцыйнай пошты і газет. Асноўныя навіны я даведваюся праз інтэрнэт. Па-другое, у нас у Цэнтрвыбаркаме працуе лакальная сетка, і пры працы з дакументамі мы маем магчымасць калегіяльна прапрацоўваць кожны дакумент. На сённяшні дзень большасць супрацоўнікаў Цэнтрвыбаркама, калі б у іх забралі камп’ютар, проста не змаглі б працаваць”.

Але пры падліку галасоў камп’ютарныя тэхналогіі не выкарыстоўваюцца.

Мікалай Лазавік: “Непасрэдна пры падліку галасоў камп’ютарныя тэхналогіі мы не выкарыстоўваем. Тут яны хутчэй ужываюцца для таго, каб інфармаваць міжнародных назіральнікаў і журналістаў пра ход галасавання і вынікі выбараў. З акругаў інфармацыя перадаецца ў Цэнтрвыбаркам па электроннай пошце, таксама мы выкарыстоўваем каналы і ўрадавай інтэрнэт-сувязі, тут гэтая інфармацыя збіраецца і перадаецца ў інфармацыйны цэнтр у Палацы Рэспублікі. На будучых выбарах такі цэнтр таксама будзе працаваць”.

Не верыць сакратар беларускага Цэнтрвыбаркама і ў электроннае галасаванне, спасылаючыся на тое, што яно не празрыстае для назіральнікаў і не выклікае даверу ў саміх выбаршчыкаў.

Мікалай Лазавік: “Шырокае выкарыстанне электронных сістэм у працэсе галасавання на сённяшні дзень упіраецца ў цэлы шэраг бар’ераў і адным з галоўных бар’ераў з’яўляецца цяжкасць тэставання гэтых электронных сістэм і іх непразрыстасць для назіральнікаў. Самае вялікае пытанне ў большасці краінаў – гэта давер саміх выбаршчыкаў да гэтай электроннай машыны”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі