Тэніс замест футбола: жывой трансляцыі матча БАТЭ не было да 22-й хвіліны
У чацвер балельшчыкі не пабачылі на тэлеканале "Беларусь 5" абяцанай жывой трансляцыі матча 3-га раўнда кваліфікацыі футбольнай Лігі Еўропы БАТЭ — "Сараева". А 20-й гадзіне там працягвалі паказваць паядынак 1/8 фіналу тэніснага турніра ў Цынцынаці з удзелам беларускі Арыны Сабаленка. Тэніс зацягваўся і яго чамусьці пакінулі ў эфіры, робячы ўключэнні з футбольнага матча. Балельшчыкам параілі глядзець футбол на "Беларусь 5 Інтэрнэт", але, відаць, з-за вялікай колькасці карыстальнікаў ён працаваў са збоямі.
Сабаленка пачала прайграваць (і ў выніку прайграла паядынак), і нарэшце футбол перамог тэніс. З 22-й хвіліны "Беларусь 5" пачаў паказваць матч Лігі Еўропы.
Сітуацыя прыкрая, бо няма трансляцыі з іншага матча кваліфікацыі Лігі Еўропы "Шахцёр" — "Тарына", які праходзіць на мінскім стадыёне "Дынама". Гарнякі арганізавалі інтэрнэт-трансляцыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.